
Польскі філіял беларускага рыбаперапрацоўчага прадпрыемства “Санта Брэмар” прыпыніў дзейнасць менш чым праз паўгода пасля рэгістрацыі.
Паводле даных журналіста Вадзіма Сяховіча, у траўні 2026 года статус Santa Bremor oddzial w Polsce быў зменены на прыпынены. Прычыны не называюцца. Змена статусу нярэдка папярэднічае ліквідацыі юрыдычнай асобы, адзначае Сяховіч.
Філіял быў зарэгістраваны ў Варшаве ў канцы снежня 2025 года з асноўным відам дзейнасці “рознічны гандаль” — пра гэта сведчаць даныя польскага рэестра Krajowy Rejestr Sądowy.
На тэрыторыі Польшчы з 2022 года працягвае працу яшчэ адзін звязаны з “Санта Брэмар” філіял — Avectoria oddzial w Polsce. Гэта структура клайпедскага рыбнага трэйдара, які раней насіў назву Santa Trade.
Ініцыятыва BELPOL называе ўладальніка “Санта Брэмар” Аляксандра Машэнскага “кашальком” рэжыму Лукашэнкі.
