
Прызначаны пасля візіту Святланы Ціханоўскай ва Украіну амбасадар па асаблівых даручэннях Міністэрства замежных спраў Украіны Яраслаў Чарнагор будзе каардынаваць супрацоўніцтва з беларускімі дэмакратычнымі сіламі і займацца пытаннямі, якія датычаць беларусаў ва Украіне.
Кажа Яраслаў Чарнагор:
– Так, адносіны выйшлі на новы ўзровень. Я высока ацэньваю сустрэчы Святланы Ціханоўскай з прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім, а таксама з міністрам замежных спраў Андрэем Сібігам. І ў рамках тых дамоўленасцяў я, як амбасадар па асаблівых даручэннях, буду рэалізоўваць наладжванне кантактаў і ўзаемадзення, для вырашэння існуючых праблем.
Паводле Яраслава Чарнагора, асаблівую ўвагу плануецца надаць развіццю супрацоўніцтва паміж украінскімі дзяржаўнымі інстытуцыямі і беларускімі дэмакратычнымі структурамі, а таксама пошуку рашэнняў для беларусаў, якія жывуць ва Украіне і сутыкаюцца з праблемамі легалізацыі і дакументаў. Новая пасада была створана неўзабаве пасля афіцыйнага візіту Святланы Ціханоўскай у Кіеў, падчас якога бакі дамовіліся пра запуск новых механізмаў супрацоўніцтва паміж Украінай і беларускімі дэмакратычнымі сіламі.
