
Міністр замежных спраў Украіны прызначыў гісторыка і дыпламата Яраслава Чарнагора амбасадарам па асаблівых даручэннях у пытаннях дэмакратычных пераўтварэнняў, узаемадзеяння з дэмакратычнымі сіламі і нацыянальнымі рухамі недружалюбных краін.
Пра прычыны свайго прызначэння, вынікі візіту Святланы Ціханоўскай, перспектывы супрацоўніцтва Украіны з беларускімі дэмакратычнымі сіламі, а таксама пра магчымыя рашэнні для беларусаў, якія жывуць ва Украіне, распавядае амбасадар па асаблівых даручэннях Міністэрства замежных спраў Украіны Яраслаў Чарнагор.
РР: У чым будуць палягаць вашыя задачы і накірункі дзейнасці, і як ваша супраца з беларускімі дэмакратычнымі сіламі будзе выглядаць надалей?
Яраслаў Чарнагор: Мая пасада называецца пасол з асаблівымі даручэннямі ў МЗС. А зона адпавядальнасці – наладжванне кантактаў з беларускімі дэмакратычнымі сіламі.
РР: Ці можам мы паказаць вашую дзейнасць на фоне візіту Святланы Ціханоўскай ва Украіну? Вы асабіста сустракалі яе з цягніка, калі яна прыбыла ў Кіеў.
Яраслаў Чарнагор: Практычна адразу пасля пачатку маёй работы ў МЗС быў запланаваны візіт, распрацавана праграма візіту. Сапраўды я сустрэў спадарыню Ціханоўскую на пероне вакзалу, і ўсе тыя два дні суправаджаў яе практычна на ўсіх сустрэчах, забяспечваючы гэтыя кантакты.
РР: Як бы вы ацанілі вынікі сустрэчы Святланы Ціханоўскай з Уладзімірам Зяленскі? І наколькі зараз можа памяняцца ўзровень узаемадзення Украіны з беларускімі дэмакратычнымі сіламі?
Яраслаў Чарнагор: Так, сапраўды, адносіны выйшлі на новы ўзровень. Я высока ацэньваю сустрэчу Святланы Ціханоўскай з прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім, а таксама з міністрам замежных спраў Андрэем Сібігам.
РР: Як бы вы ацанілі ўсё пачутае і пабачанае пасля візіту Святланы Ціханоўскай? І наколькі зараз бачыцца вам сістэмная праца з беларускім пытаннем ва ўмовах Украіны?
Яраслаў Чарнагор: Я думаю роля візіту была пакласці пачатак камунікацыям і кантакт з прэзідэнтам і міністрам замежных спраў, бо гэта дзве ключавыя асобы, якія апекуюцца замежнымі справамі і фармуюць рамкі, у якіх адбываецца знешняя палітыка. І ў рамках тых дамоўленасцяў, думаю, што я, як пасол з асаблівымі даручэннямі, буду рэалізоўваць наладжванне кантактаў, спрыянню міжведамаснаму ўзамадзеянню для вырашэння існуючых праблем, і далейшую супрацу з беларускімі дэмакратнымі сіламі.
РР: Крыху пра тэрміновасць вашай пасады. У вас маецца кадэнцыя, ці гэта бестэрміновая пасада?
Яраслаў Чарнагор: Не, гэта бестэрміновая, я пасол з асаблівымі даручэннямі, і гэтае прызначэнне на час выкання гэтых асаблівых даручэнняў. Гэтым разам мне даручылі камунікацыю з беларускімі дэмакратычнымі сіламі, і да наступных распараджэнняў буду рэалізоўваць гэтыя даручэнні.
РР: Як вы бачыце перспектыву супрацы з Місіяй дэмакратычных сілаў ва Украіне ў Кіеве? Бо раней яна ўжо існавала, але яе афіцыйнае адкрыццё адбылося толькі зараз. Якая супраца тут мажлівая?
Яраслаў Чарнагор: Раней было, так бы мовіць, віртуальнае існаванне Місіі беларускіх дэмакратычных сіл ва Украіне. Паўнацэнная рэгістарцыя гэтай структуры, як юрыдычнай асобы, і адкрыццё офісу місіі, адбылося нядаўна. І Святлана Ціханоўская як раз падчас прыезду зрабіла ўрачыстае адкрыццё офісу. Я думаю, што Місія дэмакратычных сіл Беларусі ва Украіне на чале са Святланай Шацілінай будзе выконваць па сутнасці прадстаўнічыя функцыі пасольства дэмакратычнай Беларусі ва Украіне. Спадзяюся на нашу плённую супрацу.
