Павел Латушка: Больш актыўнасці ад беларускіх культурных ініцыятыў

Падчас панэльнай дыскусіі на Касцюшкаўскім форуме ў Гданьску намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Павел Латушка адзначыў, што польскі бок чакае большай актыўнасці ад беларускіх творцаў і арганізацый, якія працягваюць працу як у выгнанні, так і на тэрыторыі Беларусі.

– Уздымалі пытанні, напрыклад, візавай палітыкі. Цяжка, напрыклад, дзеячам культуры атрымаць візу. Пытанні больш сціслага супрацоўніцтва з Міністэрствам культуры ў Польшчы, можа нам яго не хапае на сённяшні дзень. Але з другога боку, прадстаўнікі Польшчы казалі, што ў Польшчы вельмі развітая інфраструктура культурных устаноў. Яны перакананыя, што абсалютная большасць, калі не ўсе, культурныя ўстановы ў Польшчы будуць адкрытыя для беларускіх праектаў. Гэта таксама залежыць ад нашай ініцыятывы.

У дыскусіі таксама ўдзельнічаў галоўны рэдактар Беларускага Радыё Рацыя Яўген Вапа, які далучыўся да абмеркавання ролі незалежных медыя і культурных ініцыятыў у фарміраванні беларускай суб’ектнасці. Павел Латушка падкрэсліў, што не варта чакаць рашэнняў ці “сігналаў” з боку Расеі ў пытаннях развіцця беларускай дэмакратычнай прасторы:

– Ад нас таксама залежыць вырашэнне праблемы. Са спадаром Яўгенам Вапам мы дыскутавалі, я яго падтрымаў. Некаторыя кажуць, пакуль у Расеі не зменіцца сітуацыя, у Беларусі няма перспектываў. Гэта імперскі погляд, гэта пазбаўляе суб’ектнасці беларускага народа. Мы суб’ект – беларусы. Мы пагадзіліся са спадаром Вапам, што на гэта таксама трэба звяртаць увагу. Мы ўжо суб’ектны ў тым, што на сустрэчы было шмат польскіх палітыкаў.

Паводле Латушкі, развіццё беларускай культуры і палітыкі павінна грунтавацца на самастойных рашэннях і міжнародным супрацоўніцтве, а не на чаканні знешніх цэнтраў уплыву.

racyja.com