Гісторык — пра сімвалізм і пра тое, чаму ў беларусаў нельга адабраць Дзень Волі.
Сёлета беларусы 25 сакавiка адзначаюць 105-ыя ўгодкі абвяшчэння незалежнасці Беларускай народнай рэспублікі. Зрэшты, больш правільна будзе сказаць, што Дзень Волі плануюць шырока адзначыць беларусы ў розных краінах свету — акрамя Беларусі.
Унутры краіны настрой ад святочнага далёкі. Афіцыйныя ўлады сімвалічную дату не толькі не прызнаюць, але і заўжды ўключаюць супраць яе на поўную моц сілавы і прапагандысцкі апарат. Так і сёлета па рэгіёнах загадзя прайшоў масавы «хапун» — вядома пра затрыманні ў Гомелі, Мазыры, Пінску, Оршы, Гродне. Значную частку нацыянальнай сімволікі прызналі «экстрэмісцкай» яшчэ раней.
Усяго пяць гадоў таму, на 100-я ўгодкі БНР, улады ў першы і апошні раз дазволілі зладзіць самае вялікае за перыяд незалежнасці свята каля Опернага тэатру ў Мінску і ў некаторых абласных цэнтрах (прыкладам, у Брэсце прайшоў мітынг і канцэрт, у Гомелі — экскурсіі па гістарычным цэнтры) І хоць тады без затрыманняў таксама не абышлося, але дзіўным чынам чыноўнікам не заміналі ні мітынгі, ні бела-чырвона-белыя сцягі.
Сёння ж арганізатары і выступоўцы з таго канцэрту — хто ў няволі, хто вымушаны быў з’ехаць з Беларусі.
Аднак, нягледзячы на ўзмацненне ціску і рэпрэсій, Дзень Волі застаецца адной з самых сімвалічных і знакавых дат для беларусаў. Пра тое, чаму гэтае свята — не толькі пра палітычны маніфест, і чаму яго так баіцца дзеючы рэжым, Филин гутарыць з гісторыкам, грамадскім дзеячом Цімафеем Акудовічам.
— Думаю, што прычына нелюбові ўладаў досыць простая: Дзень Волі заўсёды быў палітычным святам, святам, якое мабілізоўвала пратэст (што, дарэчы, не заўсёды ішло на карысць самому святу, бо быў перыяд, калі людзі хадзілі на мітынгі, але не святкавалі дома), — гаворыць Цімафей Акудовіч. — А для ўладаў гэта страшна — калі нейкая падзея мабілізуе палітычны рэсурс.
Як мне падаецца, у 2010-х гадах, калі рызыка крыху зменшылася, калі, напэўна, падалося, што ёсць нейкі кансенсус паміж грамадствам і ўладай, то гэты момант крыху прыадпусцілі, і нават дазволілі адзін раз адсвяткаваць гэтую дату публічна.
А як толькі зноўку з’явілася пагроза страціць уладу, то цяперашняя палітычная сістэма адразу пачала закручваць гайкі. І зараз тыя «зачысткі», што праходзяць у Беларусі — вельмі жорсткія, але ж яны ладзяцца не ў першы раз, на жаль, гэта звычайная для іх справа.
Дзень Волі — сімвалічная дата, працягвае гісторык:
— 25 сакавіка 1918 года адбылася абсалютна канкрэтная падзея — абвяшчэнне незалежнасці Беларусі. Але, паколькі сама БНР не ўтрымалася, мы кажам хутчэй пра сімвалізм. І на маю думку, святкаванне таксама мусіць быць сімвалічным.
Канец сакавіка — гэта ранняя вясна, часцей за ўсё, першыя цёплыя дні з добрым надвор’ем. І свята павінна быць адпаведным — лёгкім, светлым, мець пэўную публічную частку — супольны марш, шэсце, гэткую «маёўку» з вялікай колькасцю беларусаў у адным месцы, а пасля — абавязкова нейкае сямейнае застолле.
Гэтае свята, па маім адчуванні, акурат такое — не выключна дзяржаўніцкае, калі нейкія там парады ходзяць па праспекце, а дата, якую людзі павінны адсвяткаваць і супольна, вялікімі грамадамі, і невялікім колам, у фармаце менавіта свята.
Можа, нават, без лішняга пафасу. У атачэнні сяброў адзначыць знакавую дату — дарэчы, гэта магчыма нават і зараз у Беларусі.
«Свае» Дні Волі суразмоўца «Филина» прыгадвае якраз такімі — пераважна цёплыя сямейныя ці сяброўскія пасядзелкі, апроч 2018 года, калі, па падліках арганізатараў, толькі ў Мінску святочны канцэрт у скверы ля Опернага наведалі каля 50 тысяч чалавек за дзень.
— Часам былі і паходы на нейкія мітынгі, дазволеныя і недазволеныя, — прыгадвае Цімафей Акудовіч. — Хаця момант з мітынгамі мяне ў свой час моцна напружваў. Не з-за саміх мітынгаў, а з-за таго, што пасля іх нічога не было, і паслухаўшы палітычную прамову, усе разыходзіліся без святкавання. Але паступова гэта выправілася і перайшло ў фармат сяброўскай супольнасці.