Дарадца Святланы Ціханоўскай па парламенцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька — пра значэнне Міжпарламенцкага альянсу «За дэмакратычную Беларусь», чарговае пасяджэнне якога сёння праходзіць у парламенце Вялікабрытаніі:
«Сам факт існавання Альянсу і сустрэчы ў парламенце Вялікабрытаніі станоўча ўспрымаюць тыя, для каго незалежная еўрапейская Беларусь — нешта большае за кавалак хлеба. У гэтай часткі грамадства ёсць разуменне: калі Беларусі няма ў міжнароднай павестцы, мы раствараемся ў Расіі.
Такія сустрэчы дазваляюць дзяліцца лепшымі практыкамі працы па беларускім напрамку. Літоўскія парламентарыі распавядаюць, чаму важна не ўраўноўваць беларусаў і расіян у прававым полі. Іспанскія — як парламент можа лабіяваць рашэнні накшталт прадаўжэння дзеяння пратэрмінаваных беларускіх пашпартоў. Прадстаўнікі Еўрапарламента дзеляцца досведам таго, як уздымаць пытанне палітвязняў і аказваць ціск для іх вызвалення.
Гэта практычная праца, якая дапамагае трымаць Беларусь у цэнтры ўвагі і шукаць новыя рашэнні для падтрымкі беларусаў».



