Работнікі дзіцячага садка Дзмітрый і Таццяна Корсакавы за кратамі, іх дачку Пелагію плануюць судзіць завочна.

Таццяне Корсакавай 57 гадоў. Па звестках Belpol, яна працавала выхавальніцай дашкольнай адукацыі ў дзіцячым садку №518. Мае першую кваліфікацыйную катэгорыю.

Яе муж, 58‑гадовы Дзмітрый Корсакаў, працаваў у тым жа садку рабочым. Раней, мяркуючы па сацсетках, ён ганяў аўтамабілі з-за мяжы.

Іхняй дачцэ Пелагіі 28 гадоў. Раней, па звестках Белсата, працавала ў дзіцячых садках, а пасля ў мінскім кафэ на Куйбышава, 22 (цяпер там Гарызонт Хаб). Цяпер дзяўчына жыве ва Украіне.

Сям’я ў іх небагатая, але дружная. Дзмітрый любіць майстраваць і дабудоўваць нешта на ўласным лецішчы, сям’ёй яны хадзілі ў грыбы і падарожнічалі па Беларусі і замежжы. У сацсетках пары аніякага «крыміналу» — мемы, гульні і здароўе.
Апошні раз Дзмітрый быў анлайн 23 верасня 2025 — неўзабаве пасля гэтага яго і жонку затрымалі, падобна, на мяжы.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, абаім інкрымінаваныя ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве), ч. 4 арт. 295 КК (незаконныя дзеянні са зброяй, боепрыпасамі і выбуховымі рэчывамі) і ч. 3 арт. 333‑1 КК (незаконнае перамяшчэнне праз мяжу небяспечных рэчываў і зброі). На момант падрыхтоўкі справы да суда яны знаходзяцца пад вартай.
Іх дачцэ Пелагіі Корсакавай таксама інкрымінавана здрада дзяржаве. Яе выклікаюць у суд, але разгляд будзе завочны. Акалічнасці справы невядомыя.
