У Кіеве абмеркавалі спрашчэнне працэдур для беларусаў

У Кіеве 4 чэрвеня адбылася міжведамасная нарада, прысвечаная падаўжэнню дазволаў на часовае пражыванне для замежнікаў у перыяд ваеннага становішча, а таксама ўрэгуляванню працэдур атрымання ўкраінскага грамадзянства ва ўмовах адсутнасці дыпламатычных прадстаўніцтваў шэрагу дзяржаў.

Асаблівая ўвага была нададзена праблемам легалізацыі грамадзян Беларусі. Беларускую супольнасць прадстаўляў кіраўнік грамадскага саюза «Білоруська спільнота України» Аляксей Францкевіч, арганізацыя якога ўваходзіць у Савет грамадскіх аб’яднанняў нацыянальных меншасцяў Украіны:

– Пазітыў гэтага мерапрыемства тое, што на вышэйшым узроўні ёсць у нас камунікацыя, ёсць жаданне нам дапамагаць, слухаць, размаўляць. Ёсць ужо камунікацыя і з кіраўніком міграцыйнай службы, з МЗС, з іншымі прадстаўнікамі ўлады, таму сказаць, што ўсё вырашылася – не, але патрэбна працаваць. Распрацаваныя два праекты па рашэнні гэтых пытанняў, і яны бліжэйшым часам пойдуць у Вярхоўную раду.

У нарадзе ўдзельнічалі прадстаўнікі ўкраінскіх дзяржаўных органаў, у тым ліку Міністэрства замежных спраў, а таксама пасол МЗС Украіны па асаблівых даручэннях па пытаннях дэмакратычных трансфармацый і ўзаемадзеяння з дэмакратычнымі сіламі і нацыянальнымі рухамі недружалюбных краін Яраслаў Чарнагор.

racyja.com,
фота з архіва Аляксея Францкевіча