
7 чэрвеня ў Вільні прайшла Боская літургія, якую ўзначаліў Канстантынопальскі патрыярх. Яе наведаў дыпляматычны дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі.
Асобным сымбалічным момантам стала тое, што, паводле ўдзельнікаў, бадай, упершыню на Патрыяршай літургіі гучала беларуская мова, што набыло асаблівае значэньне для беларускай супольнасьці ў выгнаньні.
Пасьля набажэнства Кучынскі перадаў патрыярху ліст ад беларускай дэмакратычнай лідаркі.
У сваім пасланьні Ціханоўская падзякавала Варфаламею за дабраславеньне на стварэньне беларускага праваслаўнага прыходу ў Вільні і за падтрымку праваслаўных беларусаў, якія апынуліся за межамі радзімы.
«Ад імя беларусаў у Літве хачу выказаць глыбокую ўдзячнасьць за Ваш клопат пра беларускую праваслаўную супольнасьць, за падтрымку прыходу ў Вільні і за пастырскую апеку, якую Сусьветны патрыярхат аказвае беларусам у розных краінах сьвету», — гаворыцца ў лісьце.
Ціханоўская адзначыла, што пасьля падзеяў апошніх гадоў сотні тысяч беларусаў былі вымушаныя пакінуць краіну і цяпер шукаюць ня толькі бясьпекі, але і духоўнай падтрымкі. На яе думку, асабліва значная для беларускай дыяспары магчымасьць атрымліваць духоўную апеку ад Канстантынопальскага патрыярхату.
У лісьце таксама згадваецца гістарычная сувязь беларускіх земляў з Сусьветным патрыярхатам, якая сягае часоў Кіеўскай мітраполіі ВКЛ, калі праваслаўнае жыцьцё на тэрыторыі Беларусі разьвівалася ў еднасьці з канстантынопальскай традыцыяй.
На памяць пра сустрэчу Кучынскі перадаў патрыярху слуцкі пояс — адзін з найбольш вядомых гістарычных і культурных сымбаляў Беларусі.
Варфаламей І — духоўны лідэр Канстантынопальскай праваслаўнай царквы, які мае тытул Сусьветнага патрыярха. Ён займае пасаду з 1991 году, рэзыдэнцыю мае ў Стамбуле (Фанары). У праваслаўнай традыцыі Канстантынопальскі патрыярх не кіруе ўсімі цэрквамі наўпрост, але мае асаблівы гістарычны і сымбалічны аўтарытэт як «першы сярод роўных» праваслаўных патрыярхаў у сьвеце.
