
Гібрыдныя расейскія пагрозы, практыкі і наступствы. У Еўрапарламенце збіраюцца дыскутаваць на гэтую тэму. 9 чэрвеня там запланаваная канферэнцыя. Акрамя дэпутатаў парламенту, прыехалі і беларускія ўдзельнікі, таксама дэлегацыі з Малдовы ды Украіны.
Як заўважае ўдзельнік дыскусіі, прадстаўнік Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі, у Еўропе даўно заўважаюць і вывучаюць так званую «гібрыдную вайну» Крамля:
– Не толькі супраць краін Усходняй Еўропы, але і супраць краін Еўрапейскага звязу. Таму што кожны раз, калі пачынаюцца выбары ў любой краіне Еўрапейскага звязу, як мінімум мы чуем пра расейскае ўмяшальніцтва. Тое ж самае датычыць краін Усходняга партнёрства. Выбары, якія адбыліся ў Арменіі, таксама не абышліся без спробы Расеі паўплываць на іх вынікі.
Еўрапейскі звяз развівае ініцыятыву “Еўрапейскі шчыт дэмакратыі” і ўзмацняе свой адказ на гібрыдныя пагрозы, якія ўсё часцей з’яўляюцца.
Працягвае Віталь Рымашэўскі:
– Пра гібрыдную агрэсію кажуць ужо досыць даўно. Пытанне толькі ў тым, што толькі зараз, нарэшце, Еўрапейскі звяз пачаў сістэмна падыходзіць да выпрацоўкі механізмаў супрацьдзеяння расейскай гібрыднай агрэсіі. У мінулым годзе была прынятая праграма, якая называецца «Еўрапейскі шчыт дэмакратыі», якая як раз і прызначаная для таго, каб распрацоўваць стратэгіі: а што Еўрапейскі звяз мусіць зрабіць дзеля таго, каб абараніць еўрапейскія краіны і еўрапейскіх грамадзян ад расейскай атакі.
Па выніках дыскусіі сфарміруюць праграмны дакумент, які накіруюць у адпаведныя камісіі Еўрапейскага Парламента і службам Еўрапейскай Камісіі, у тым ліку Генеральнай дырэкцыі па пытаннях пашырэння і Усходняга партнёрства.
