Аляксандр Адамковіч: “Патрыярх Барталамей — чалавек, які цудоўна разумее сучасную сітуацыю”

Чалавек, які цудоўна разумее сучасную сітуацыю, небяспеку з боку Расеі і з боку Маскоўскага патрыярхату. Так апісаў свае ўражанні ад сустрэчы з Усяленскім Канстанцінопальскім патрыярхам Барталамеем у Вільні 7 чэрвеня старшыня Таварыства беларускай культуры ў Літве Алесь Адамковіч.

Ён быў у ліку беларускай грамады, якая сустрэлася з патрыярхам і ўдзельнічала ў літургіі ў храме Святой Тройцы.

Патрыярх Барталамей

Кажа старшыня Таварыства беларускай культуры ў Літве Алесь Адамковіч:

– Патрыярх не толькі шчыра спачувае вернікам, якія не хочуць быць з Масквой, але і робіць шматлікія крокі дзеля таго, каб дапамагчы гэтым людзям. Найперш – гэта дадзены Томас Украіне. А зараз стварэнне вось гэтага экзархату ў Літве.

Аляксандр Адамковіч і патрыярх Барталамей

Паводле Аляксандра Адамковіча, падчас літургіі гучала і беларуская мова, а таксама патрыярх згадаў у сваім казанні і беларусаў:

– Такой прамой падтрымкі не было. У той жа час, падчас казання, прагучалі такія словы, што Канстанцінопальская царква як маці-Царква не пакідае сваіх вернікаў і гатовая прыняць усіх, раскіданых па свеце, хто хоча быць з ёй, хоча быць з Усяленскім Патрыярхам. Але ў пераліку моў, на якіх адбываюцца службы, прагучала, што ёсць і беларуская мова, і беларусы.

Візіт Усяленскага Канстанцінопальскага патрыярха Барталамея ў Вільню ладзіўся ў межах Сусветнага апостальскага кангрэсу міласэрнасці, на які з’ехаліся тысячы пілігрымаў, святароў і валанцёраў больш як з 40 краін свету.

racyja.com,
фота з асабістага архіву Аляксандра Адамковіча