«Гучна зачытала скаргі на сып пры ўсіх у чарзе». Як беларусы звярталіся па медычную дапамогу ў міжнароднай абароне

Чарга перад будынкам Управы ў справе замежнікаў. Варшава, Польшча. 26 верасня 2024 года. Фота: Белсат

«Белсат» знайшоў беларусаў, якія звярталіся па медычную дапамогу падчас чакання пастановы ў пытанні міжнароднай абароны – у кабінет на вуліцы Табаровай і ў медцэнтр Petra Medica ў Варшаве. Карціна выйшла не вельмі радасная: доўгае чаканне ў чарзе, адсутнасць слотаў і неабходнага абсталявання. 

Замежнікі, якія падалі заяву на міжнародную абарону ў Польшчы, маюць права на бясплатную медычную дапамогу ўвесь час, пакуль чакаюць пастановы. Аднак гэта не агульнадзяржаўнае медычнае страхаванне NFZ, а дапамога праз адмысловага аператара – клініку Petra Medica, з якой Управа ў справе замежнікаў заключыла дамову. 

Акрамя таго, мінімальныя маніпуляцыі выконвае кабінет побач з управаю, на Табаровай 16 у Варшаве. А ў экстранных сітуацыях замежнік мае права на бясплатную дапамогу ў аддзяленнях хуткай дапамогі (SOR, Szpitalny Oddział Ratunkowy). 

Аддзяленне неадкладнай дапамогі ў Чэрнякоўскай больніцы. Варшава, Польшча. 3 ліпеня 2023 года. Фота: Wojciech Olkusnik / East News

«Такое медстрахаванне – для вельмі здаровых людзей з моцнымі нервамі»  

Алег (імя змененае) чакае пастановы наконт міжнароднай абароны з канца 2024 года – і пакуль нічога не чуваць. Скарыстацца опцыяй медычнай дапамогі яму давялося ў пачатку 2026-га.  

«Я не маю асобнай медычнай страхоўкі NFZ – працую паводле ўмовы o działo, а добраахвотная страхоўка каштуе неймаверных грошай, так што яе я проста не пацягну. 

Вырашыў, што на экстранны выпадак скарыстаюся медстрахоўкай ад управы. Я адцягваў гэты момант звароту паводле страхоўкі як мог, начуўшыся пра тое, як там усё працуе. Але праз год зразумеў, што моцна падае зрок – і пайшоў на Табаровую 16», – апавядае «Белсату» мужчына. 

Суразмоўца прачакаў пад дзвярыма кабінету каля трох гадзінаў сярод людзей з «відавочнымі прыкметамі прастуды»: 

«Усё было надзвычайна павольна, а людзі гадзінамі стаялі пад кабінетам – там толькі чатыры ці пяць крэслаў. У калідор выходзіла незадаволеная жанчына і пыталася, хто наступны і з чым прыйшоў. Гаварыла толькі па-польску і ўва ўсіх проста перад кабінетам пыталася прычыну звароту. Перад натоўпам людзей. Некаторыя сядзелі па другім коле, бо ім напярэдадні выдалі тут жа няправільны рэцэпт або скіраванне. Увогуле ў гэты дзень я сваёй чаргі так і не дачакаўся – у нейкі момант жанчына выйшла і сказала, што прыме яшчэ максімум аднаго чалавека, а астатнія пяцёра хай прыходзяць у іншы дзень. Людзі пачалі сварыцца, што да закрыцця кабінету яшчэ гадзіна, а яны сядзяць з тэмпературай увесь дзень тут. На што яна проста з грукатам зачыніла дзверы». 

Чалавек заходзіць у будынак Управы ў справе замежнікаў. Варшава, Польшча. 26 верасня 2024 года. Фота: Белсат

Другі заход у кабінет Алег зрабіў праз тыдзень, калі да праблемаў са зрокам дадалася высокая тэмпература: 

«Падобна, дзень у чарзе з хворымі не прайшоў дарма, і я заразіўся. Пайшоў з самай раніцы, у чарзе ў мяне быў чацвёрты талончык. У кабінеце сядзеў пан гадоў трыццаці, які адразу сказаў, што я павінен размаўляць па-польску, хоць ягоныя імя і прозвішча падказвалі, што ён ведае не толькі польскую. Сходу я атрымаў прэтэнзію: маўляў, з тэмператураю павінен ехаць у SOR, а не адбіраць ягоны каштоўны час».    

Доктар спытаў аб праблемах са зрокам і скіраваў да афтальмолага ў клініку Petra Medica, з якой ва Управы ў справе замежнікаў заключаная дамова.  

«Я патэлефанаваў туды і запісаўся на прыём праз два тыдні. Афтальмолаг была вельмі зычлівая, правяла мне некалькі даследаванняў і сказала, што ёсць падазрэнні на сур’ёзнае захворванне вачэй, але абсталяванне тут не дапаможа, таму лепш бы мне праверыцца ў добрай клініцы. Скіравала ў дзяржаўны шпіталь, што спецыялізуецца на глаўкоме. Туды мне трэба было запісвацца самому, тлумачачы сітуацыю і тое, што візіт пакрые Petra Medica. Я запісаўся на прыём праз тры месяцы і ўсё яшчэ чакаю яго, бо гэта дастаткова дарагое абследаванне», – кажа Алег.    

Жонка суразмоўцы атрымае страхаванне ZUS на працы, і больш мужчына ў Petra Medica звяртацца не мае намеру: 

«Скажам так: гэтае медстрахаванне – для вельмі здаровых людзей з моцнымі нервамі. Бо спачатку ў любым выпадку трэба губляць час і прыніжацца на Табаровай, дзе сядзяць незадаволеныя ўсім людзі, а потым чакаць месяцы патрэбных табе абследаванняў. Я баюся ўявіць, як гэта людзям, у якіх экстранная сітуацыя – памерці ж можна, пакуль чакаеш».

«Запаленчага працэсу на Табаровай не ўбачылі, але ўбачылі ў прыватнай клініцы»  

Вадзім (імя змененае) восьмы месяц чакае пастановы датычна абароны. Звярнуцца да доктара пастанавіў аднойчы, бо моцна пачало балець вуха: 

«Я спадзяваўся атрымаць абарону хутчэй, чымся мне спатрэбіцца доктар, але ў снежні перастала чуць вуха. Я паспрабаваў усе вядомыя народныя сродкі, але праз тыдзень стала горш, пачало балець. У выніку пастанавіў ісці па дапамогу раніцай у сераду, каб людзей было менш».  

Чарга была не вельмі вялікая – чалавек пяць. Прынялі мужчыну прыкладна праз паўгадзіны:  

«У кабінеце быў хлопец, паглядзеў вуха і сказаў, што ў мяне корка, але выцягнуць яе не можа, бо не мае адпаведнага абсталявання. Прапанаваў капаць алеем. Я адказаў, што ўжо больш як тыдзень капаю, але стала толькі горш. Тады ён выпісаў скіраванне да лора ў Petra Medica, прычым нетэрміновае – маўляў, з маім вухам не было нічога страшнага».  

Запіс да лора ў Petra Medica прапанавалі праз месяц, ніякіх вольных слотаў раней не было.  

«Я плюнуў і пайшоў у прыватны медцэнтр каля дому і трапіў туды адразу ж. Там за 320 злотых мне прачысцілі вуха і выпісалі лекі, бо ўжо ішоў запаленчы працэс, якога на Табаровай не ўбачылі. Спадзяюся, больш ніколі туды не трапіць», – падсумаваў Вадзім. 

Будынак Управы ў справе замежнікаў. Варшава, Польшча. 26 верасня 2024 года. Фота: Белсат

«Ператэлефануйце праз два месяцы: магчыма, вокны з’явяцца»  

Марыя чакае пастановы ў справе міжнароднай абароны з канца 2025 года і таксама не мае ніякай дадатковай медстрахоўкі. Дзяўчыне давялося трапіць на Табаровую праз некалькі месяцаў пасля звароту па абарону: 

«Мой дазвол на жыхарства скончыўся падчас чакання міжнароднай абароны – і я страціла працу, а з ёй і страхоўку. Я прасіла ўправу не пазбаўляць мяне дазволу на працу, якая ў мяне была, але атрымала ў адказ адпіску – маўляў, звяртайцеся па дазвол на працу праз паўгода пасля падачы».    

Праз некалькі месяцаў Марыя страціла прытомнасць, у яе пачаліся курчы. Ніколі раней такога не здаралася: 

«Мы з мужам моцна спалохаліся і паехалі на Табаровую. Людзей было поўна, але ўсе ціха чакалі сваёй чаргі. І вось з кабінету выйшла жанчына гадоў 70 і спытала першую ў чарзе дзяўчыну, з чым яна прыйшла. Тая не гаварыла па-польску, таму працягнула ёй паведамленне на тэлефоне, падрыхтаванае з дапамогай перакладчыка. І гэтая працаўніца гучна зачытала скаргі на сып пры ўсіх людзях! Шчыра кажучы, я проста была ў шоку і стала парывацца пайсці адтуль, не дачакаўшыся сваёй чаргі. Спыніў муж і падазрэнні, што ў мяне мог паўтарыцца гэты незразумелы прыступ».  

Да канца дня чарга дайшла і да Марыі. Яна нядрэнна ведае польскую і здолела растлумачыць, што здарылася. Але пры ўсіх сімптомах атрымала звычайнае скіраванне замест тэрміновага.  

Чарга перад будынкам Управы ў справе замежнікаў. Варшава, Польшча. 26 верасня 2024 года. Фота: Белсат

«Прымала ў выніку не гэтая цётка – наколькі я зразумела, яна медсястра або адміністратарка, – а малады мужчына. Я растлумачыла сітуацыю, ён скіраваў мяне да неўролага ў Petra Medica і сказаў тэлефанаваць туды. Заадно папрасіла ў яго скіраванне да гінеколага, бо даўно не рабіла цыталогіі. Я патэлефанавала туды, прадыктавала коды сканаванняў – мне прапанавалі прыём у гінеколага праз месяц, а ў неўролага – праз два месяцы. Я абурылася: якія два месяцы, у мяне была непрытомнасць з курчамі! Дзяўчына на інфалініі вельмі здзівілася, што мне не выдалі тэрміновага скіравання, і спачатку прапанавала пайсці на Табаровую запатрабаваць тэрміновага скіравання. Але потым злітавалася і знайшла нейкі тэрмін праз два тыдні», – згадвае Марыя.  

Яшчэ праз два тыдні неўролаг з Petra Medica выдаў дзяўчыне два новыя скіраванні на даследаванні. І тут аказалася, што запісацца на іх не так проста: 

«Я паспрабавала з імі запісацца адразу ў рэгістратуры, але мне сказалі, што з імі трэба спачатку на Табаровую. То бок дактары там выпісваюць скіраванне ў сваю ж клініку, але паводле яго ты не можаш наўпрост запісацца ў гэтую ж клініку!»   

Дзяўчына вырашыла не ехаць на Табаровую, а патэлефанаваць туды на нумар, пазначаны ў паперы, якую атрымала пры звароце па міжнародную абарону: 

«Мне паабяцалі, што дашлюць даты на абследаванні. Праз два дні я атрымала СМС, што вольных слотаў няма. Я зноў патэлефанавала, каб спытаць, што ж рабіць. Мне прапанавалі ператэлефанаваць праз два месяцы: магчыма, акенцы з’явяцца. Мы з мужам дамовіліся, што ў выпадку, калі здарыцца другі прыступ, ён адразу павязе мяне ў SOR, каб не губляць часу. А вось да гінеколага я праз месяц трапіла і ўсё зрабіла без праблемаў, вынікі абследавання прыйшлі мне ў электронным выглядзе».  

Мы даслалі пытанні пра наданне медычнай дапамогі ва Управу ў справе замежнікаў. Як толькі атрымаем адказы, апублікуем іх. 

Тэса Анэйда, belsat.eu