Аляксей Ластоўскі прачытаў адкрытую лекцыю да 145-годдзя Івана Луцкевіча

Адкрытая лекцыя дырэктара Беларускага інстытута публічнай гісторыі Аляксея Ластоўскага «Куды і як зніклі культурныя каштоўнасці з Беларусі?» адбылася 9 чэрвеня, у дзень 145-х угодкаў з дня нараджэння Івана Луцкевіча, аднаго з заснавальнікаў беларускага музейніцтва і стваральніка Беларускага музея ў Вільні.

Напачатку сустрэчы Аляксей Ластоўскі згадаў постаць Луцкевіча і ягоны ўнёсак у захаванне нацыянальнай спадчыны:

– Калі Вільня перайшла пад уладу Літвы, дэлегацыя на чале з Янкам Купалам ездзіла ў Вільню дамаўляцца пра лёс музея. Але ўжо пасля Другой сусветнай вайны было прынята «дамоклава рашэнне» – фонды музея былі падзеленыя на дзве часткі. Матэрыялы, датычныя літоўскай культуры, засталіся ў Вільні, а тое, што было беларусім, перадалі ў БССР. Гэта было фактычна знішчэнне гэтага музея.

Падчас лекцыі Аляксей Ластоўскі адзначыў, што Іван Луцкевіч актыўна займаўся пошукам і вяртаннем беларускай культурнай спадчыны, збіраючы артэфакты, архіўныя матэрыялы і помнікі гісторыі, звязаныя з Беларуссю:

– Іван Луцкевіч працаваў як агент для ўніяцкага мітрапаліта Андрэя Шаптыцкага, які знаходзіўся ў Львове, адшукваў для яго ўніяцкія абразы, іншыя артэфакты, звязаныя з уніяцтвам, і перапраўляў у Львоў. Таксама Іван Луцкевіч набыў досыць вялікую калекцыю слуцкіх паясаў для мітрапаліта Шаптыцкага.

Сімвалічна, што нават пасля смерці Івана Луцкевіча ягоная гісторыя была звязаная з вяртаннем страчанай спадчыны. У 1991 годзе гісторык Алег Латышонок адшукаў у Закапаным месца ягонага пахавання, але сама магіла ўжо не захавалася. Тады з былога месца пахавання ўзялі жменю зямлі, якую пазней урачыста перанеслі на могілкі Роса ў Вільні.

racyja.com