Беларуская дыяспара Швейцарыі пры падтрымцы беларуска-швейцарскай асацыяцыі RAZAM.CH з нагоды 105-й гадавіны абвяшчэння БНР зладзіла святочную імпрэзу ў Цюрыху. У мерапрыемстве ўзяў удзел і беларускі гурт «Znak Stop», піша «Новы Час».
Тэма палітвязняў была ключавой падчас прамоваў і гасцей, і музыкаў — «бо гэтым людзям і іх сем’ям зараз цяжэй за ўсіх», — адзначылі ўдзельнікі мерапрыемства.
Удзельнікі імпрэзы напісалі лісты і паштоўкі беларускім палітвязням.
«Хоць мы і ведаем, што большасць карэспандэнцыі, на жаль, за краты не трапляе, але ўсё роўна лічым сваім доўгам не спыняцца ў гэтым кірунку — нягледзячы на тое, што зваротнай сувязі, нібыта, няма, яна насамрэч ёсць. Мы фіксуем усе лісты, што дасылаем палітвязням, і рана ці позна, але адрасат у любым выпадку даведаецца, што за яго лёсам сачылі, пераймаліся, яго падтрымлівалі», — тлумачаць сваю пазіцыю сябры RAZAM.CH.
Сярод гасцей імпрэзы былі швейцарцы, немцы, украінцы і расійцы.
«Агульныя каштоўнасці — безумоўная павага да дэмакратыі і правоў чалавека, непрыманне несправядлівасці і гвалту, — яднае людзей розных нацыянальнасцяў. Наша сіла ў салідарнасці, у еднасці. І сёння мы яшчэ раз хочам нагадаць рэпрэсаваным беларусам, усім тым суайчыннікам, што прагнуць дэмакратычных перамен: мы — з вамі! Ніколі не забываем пра вас, захапляемся вашай мужнасцю і самаахвярнасцю і верым, што наша Бацькаўшчына абавязкова будзе вольнай! З Днём Волі!», — звярнуліся да суайчыннікаў беларусы Швейцарыі.
Вольга Класкоўская, novychas.online,
фота аўтаркі