«Пагроза бяспецы калег». Зазулінская патлумачыла, чаму ў «Еўрапейскім выбары» перасталі давяраць Мамаевай

Аляксандра Мамаева (злева) і Вольга Зазулінская (справа). Калаж: «Наша Ніва»

Прэтэнзіі ёсць, але публічна іх не будуць канкрэтызаваць.

Спіс «Еўрапейскі выбар» пракаментаваў рашэнне аб вынясенні вотуму недаверу дэлегатцы Каардынацыйнай рады Аляксандры Мамаевай.

Нагадаем, на мінулым тыдні фракцыя перасварылася — Мамаеву паспрабавалі выставіць за дзверы, а яна сама назвала гэтае рашэнне несправядлівым і непразрыстым. Паводле яе, пастанова прымалася без яе ўдзелу, без доступу да матэрыялаў, на якіх грунтаваліся абвінавачванні, і без магчымасці даць тлумачэнні. Яна таксама заявіла, што бачыць у гэтай гісторыі прыкметы палітычнай барацьбы ўнутры спіса.

У каментары «Нашай Ніве» іншая дэлегатка КР ад «Еўрапейскага выбару» Вольга Зазулінская агучыла версію другога боку.

«Несанкцыянаванае капіяванне і перадача канфідэнцыйнай інфармацыі трэцім асобам»

Паводле Вольгі Зазулінскай, асноўнай прычынай вотуму недаверу сталі пытанні бяспекі.

«Падставай стала шматразовае парушэнне канфідэнцыяльнасці з боку Аляксандры: несанкцыянаванае капіяванне і перадача канфідэнцыяльнай інфармацыі трэцім асобам, уключаючы матэрыялы ініцыятыў і працоўных груп, а таксама персанальныя даныя асоб, якія прасілі не выкарыстоўваць іх імёны і даныя ў публічных ці іншых матэрыялах, якія могуць быць распаўсюджаныя. Пры гэтым Аляксандра Мамаева сама пацвердзіла намер распаўсюджваць гэтую інфармацыю ўсім, каму яна палічыць неабходным. Гэта стварыла прамую пагрозу бяспецы не толькі калег, але і іншых асоб, якія не датычацца дзейнасці фракцыі і спісу «Еўрапейскі выбар», — сцвярджае яна ў пісьмовым каментары.

Паводле слоў Зазулінскай, падчас абмеркавання гэтага пытання ўдзельнікі пасяджэння дамовіліся аб поўнай канфідэнцыяльнасці размовы:

«Важна пазначыць, што на пачатку апошняга пасяджэння, дзе Аляксандры былі агучаны факты, на падставе якіх быў вынесены вотум недаверу, абсалютна ўсе ўдзельнікі былі папярэджаныя аб тым, што пасяджэнне адбываецца на ўмовах абсалютнай канфідэнцыяльнасці, і ўсе пагадзіліся, гэта занесена ў пратакол пасяджэння. Але Аляксандра наступным ранкам пачала выносіць на публіку канфідэнцыяльную інфармацыю, тым самым парушыла ўмовы, якія ніхто больш не парушыў».

На пытанне пра доказы перадачы ўнутранай інфармацыі трэцім асобам у «Еўрапейскім выбары» Зазулінская адказвае, што такія пацвярджэнні ёсць, але агучваць іх публічна яна не збіраецца:

«Аляксандры былі агучаныя канкрэтныя праклады, у тым ліку тыя, што тычацца чальцоў спіса «Еўрапейскі выбар». Мы не будзем ні агучваць публічна, ні публікаваць дадзеныя матэрыялы, бо яны тычацца бяспекі тых людзей, якія нам даверылі свае матэрыялы. Але да ўсіх чальцоў спіса былі даведзеныя канкрэтныя факты. Вы павінны разумець, што мы жывём у той час, калі бяспека на першым плане. Я заўжды кажу: мы на вайне, самі павінны дбаць пра сябе і сваю бяспеку».

«Калектыўная праца падавалася як асабістая»

Яшчэ адна група прэтэнзій датычыць аўтарства дакументаў і справаздач.

Паводле Вольгі Зазулінскай, унутры спіса неаднаразова ўзнікалі прэтэнзіі да таго, што вынікі супольнай працы падаваліся як асабістыя дасягненні Мамаевай.

«Шматлікія дакументы, справаздачы, якія рыхтавала Аляксандра і падавала як свае, хоць насамрэч яны з’яўляюцца вынікам калектыўнай працы. Але па выніках калектыўная праца падаецца як асабістая, калегі не згадваюцца ні на адным з узроўняў камунікацыі», — сцвярджае Зазулінская.

«Яна сама пакінула пасяджэнне»

Адказала яна і на абвінавачванні наконт працэдуры.

Аляксандра Мамаева сцвярджае, што не мела магчымасці азнаёміцца з матэрыяламі і адказаць на прэтэнзіі. Аднак Зазулінская даводзіць, што сітуацыя выглядала інакш.

Паводле яе слоў, Мамаева прысутнічала на пасяджэнні і актыўна ўдзельнічала ў яго першай частцы.

«На пачатку пасяджэння ў Аляксандры некалькі разоў запытваліся, ці мае яна магчымасць прысутнічаць на пасяджэнні і браць удзел. Яна пацвердзіла, што так. Тым больш, у першай палове пасяджэння, калі абмяркоўвалася іншая тэма, яна актыўна брала ўдзел у абмеркаванні.

Аляксандры былі зачытаныя ўсе матэрыялы, больш за тое: ёй далі слова, каб яна мела магчымасць спакойна і абгрунтавана адказаць на кожны з пунктаў. Аляксандра адмовілася каментаваць, сама пакінула пасяджэнне. Усё занатавана ў пратаколе», — кажа Вольга Зазулінская.

Што будзе далей з мандатам Мамаевай

Пасля вынясення вотуму недаверу ўзнікла пытанне, ці будзе «Еўрапейскі выбар» дамагацца пазбаўлення Мамаевай мандата ў Каардынацыйнай радзе.

Вольга Зазулінская адказвае адмоўна. Разам з тым у спісе адзначаюць, што не бачаць магчымасці для прадстаўніцтва Мамаевай ад імя «Еўрапейскага выбару» ў Каардынацыйнай радзе чацвёртага склікання.

«Гэтае рашэнне тычыцца спіса «Еўрапейскі выбар». Аляксандра з’яўляецца дэлегаткай Каардынацыйнай рады 3‑га склікання, мы не збіраемся і не можам пазбаўляць яе гэтага мандата. Але яе прадстаўніцтва ў спісе «Еўрапейскі выбар» у Каардынацыйнай радзе 4‑га склікання не прадстаўляецца магчымым. Адзначу, што да першага пасяджэння няма дзейных дэлегатаў КР-4, як няма і фракцый у статутным сэнсе, ёсць спісы. Ніхто не можа змяніць вынікаў выбараў, але мандат узнікае пасля першага агульнага пасяджэння», — адзначыла Вольга Зазулінская. 

Аляксандра Мамаева была дэлегаткай КР трэцяга склікання і кіраўніцай Міжнароднай камісіі КР, удзельнічала ў стварэнні Народных амбасад Беларусі. З 2015 года жыве ў Славеніі. У лістападзе 2025 года яна заяўляла пра спробы вярбоўкі з боку КДБ.

На выбарах у КР апошняга склікання Аляксандра Мамаева ішла ў спісе «Еўрапейскага выбару» на пятай пазіцыі. На шостай пазіцыі ў спісе была Аліна Харысава, якая, як выявілася, перадавала інфармацыю агентам лукашэнкаўскіх спецслужбаў, якія выдавалі сябе за супрацоўнікаў Службы бяспекі Украіны.

nashaniva.com