
Пра тое, чаму беларусы так і не вызначыліся са сваёй ідэнтычнасцю і тоеснасцю, ці гатовыя мы змагацца за сваё са зброяй у руках, і як захаваць сябе, знаходзячыся на разломе дзвюх цывілізацыйных форм мыслення, “Еўрарадыё” разважае разам з краязнаўцам, даследчыкам, пісьменнікам, былым дырэктарам Музея гісторыі Магілёва Аляксеем Бацюковым.
Гісторыяй і знаходжаннем на перасячэнні двух цывілізацыйных сусветаў Беларусі наканавана быць своеасаблівай буфернай зонай. І ў бліжэйшым будучым нам гэтага не пазбавіцца: мы будзем па-ранейшаму “паміж”, а не з Захадам ці Усходам. На сутыкненні розных цывілізацыйных форм кіравання і мыслення. Гэта, як і раней, будзе для нас як магчымасцю нешта з такога становішча займець, так і нязменнай пагрозай для нашага існавання. Таму наша тоеснасць будзе на мінімальным узроўні бяспечнага, але мы яе захаваем насуперак усяму да лепшых часоў. Якія некалі абавязкова будуць, перакананы Аляксей Бацюкоў.
