У замак у Пултуску з’ехаліся скульптары і мастакі не толькі з Польшчы але і з замежжа. Тут пачаўся скульптура-мастацкі пленэр, у якім удзельнічаюць і беларускія творцы.

Пленэр мае назву «Папулярызацыя ракі Нараў» і адбываецца як раз на беразе гэтай воднай артэрыі. Нараў бярэ выток у Беларусі ў Пружанскім раёне, цячэ па Падляшшы і ўпадае ў адну з галоўных рэк Польшчы – Віслу. Тут, у Пултуску, яна шырокая і паўнаводная.

Кажа мастак з Гарадзеншчыны, які зараз жыве ў Польшчы, Генадзь Піцко:
– Я сюды езджу ўжо больш за пятнаццаць гадоў. Пултускі замак адкрыты для ўсіх, таму проста будзе патрапіць на нашу выставу. Запрашаю. Сачыце за рэкламай, будзе абвестка пра тое, калі адкрыецца выстава. Куратарам пленэру з’яўляецца Анджэй Біс, усё падрыхтавана, – і на чым маляваць, і гатэльныя нумары ў самім замку. І вось мы тут.
18 чэрвеня на тэрыторыі Пултускага замку адбудзецца аднадзённая выстава ўдзельнікаў пленэру. А заключны вялікі вернісаж пройдзе ў самім замку ў верасні.



