Леанід Судаленка: “Гэта далікатныя перамовы пра лёсы людзей за кратамі”

Леанід Судаленка

Пытанне палітвязняў, усё больш інфармацый пра магчымы візіт Джона Коўла ў Менск. У сацыяльнай сетцы спецпасланнік Трампа адказаў, што «неўзабаве» ён прыедзе ў Беларусь. На старонцы ў Х пытанне яму задала падпісчыца з нікам Lisa. Гэта адбылося 15 чэрвеня.

Як кажа Леанід Судаленка з праваабарончага цэнтра «Вясна», гэта далікатныя перамовы пра лёсы людзей за кратамі ды таксама пра сітуацыю ў Беларусі.

– Наколькі там павышаны градус вось гэтага, якія ўмовы выстаўляюцца. Таму што сітуацыя фактычна не ідзе пра тое, ці вызваляць чарговых 100-200 чалавек ці не. Размова ідзе пра тое, як спыніць рэпрэсіі. Таму што гэты канвеер можа быць бясконцы – аднаго вызваляюць, а на яго месца завозяць двух. І зноў жа мы казалі пра тое, што вызвалілі звыш 500 чалавек, а ў спісе палітвязняў каля 1000.

У Офісе Святланы Ціханоўскай таксама пераконваюць, што амерыканскі гуманітарны трэк не закрыты. За вызваленнем палітвязняў ідзе адмена санкцый з боку ЗША ды гучаць пытанне: а можа і Еўропа далучыцца да працэсу? Коратка гэта каментуе Леанід Судаленка:

–  Мы з вамі ведаем, што Еўропа ўжо столькі разоў наступала на гэтыя беларускія граблі. То Еўропа зараз не дазволіць сабе такой раскошы зноў наступіць на беларускія граблі.

Праваабаронцы нагадваюць, у Беларусі прызнаныя палітычнымі вязнямі 845 чалавек, гэта лічбы праваабарончага цэнтра «Вясна». Ініцыятыва dissidentby.com паведамляе пра 933 палітвязняў у Беларусі.

racyja.com