Станіслаў Салавей: “У нас дырэктыўная статыстыка”

Станіслаў Салавей. Фота з асабістага архіву

«У Беларусі вельмі дзіўная сітуацыя» і гэта эксперт гаворыць пра медыцыну. Зрабілі незалежны аналіз стану аховы здароўя Беларусі, афіцыйныя матэрыялы апісваюць беларускую сістэму аховы здароўя як стабільную, але ці пра гэта сведчаць адкрытыя звесткі?

Статыстыкі настолькі розныя, што гэта выклікае здзіўленне, кажа намеснік прадстаўніцы па сацыяльных пытаннях Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Станіслаў Салавей:

– У нас ёсць дырэктыўная статыстыка, то бок умоўна кажучы ў шпіталя ёсць план, колькі яны павінны “пралячыць” пацыентаў у такім аддзяленні, колькі ў іншым. І калі яны не выконваюць гэты план, яны атрымаюць за гэта наганяй ад Міністэрства аховы здароўя, таму яны будуць праўдамі-няпраўдамі затрымліваць пацыентаў у шпіталі, шпіталізаваць тых, каго і непатрэбна. І атрымліваем тое, што няма статыстыкі, бо немагчыма растлумачыць па-іншаму, чаму між Гомелем і Берасцем у 4,5 разы ёсць розніца па сардэчных захворваннях. Гэта немагчыма.

Адсутнасць такога парадку ўплывае на арганізацыю працы ў самой сістэме, тлумачыць Станіслаў Салавей. Ён расказвае, чаму Міністэрства аховы здароўя Беларусі можна назваць «сляпым»:

– І гэта найгоршы варыянт, бо нават калі спрабуеце кіраваць ці спрабуеце нешта зрабіць, якія рэсурсы патрэбныя там у Гомелі, колькі ў Берасці, колькі ўвогуле пацыентаў хварэе. Калі ў цябе няма статыстыкі, ты сляпы. Таму наша Міністэрства аховы здароўя не ведае нічога, што адбываецца ў Беларусі. Калі мы кажам пра тое, чым хварэюць людзі, якія ў іх патрэбы і далей па спісе. І таму грошы, якія будуць на ахову здароўя, частка з іх будзе закопвацца проста ў зямлю. І толку ад гэтага пацыентам не будзе, на жаль.

Гэта падкрэслівае Станіслаў Салавей, ён быў кіраўніком групы актывістаў незалежнага прафсаюза медыкаў, якія займаліся зборам і аналізам інфармацыі. Супольна над праектам працавалі Фонд медыцынскай салідарнасці Беларусі і медыяпраект «Белыя халаты».

racyja.com