
Упаўнаважаны Вярхоўнай Рады Украіны ў правах чалавека Дмытро Лубінэць паведаміў, што пасля паведамленняў пра атаку на аўтобус з дзецьмі ў Бранскай вобласці тэрмінова звязаўся з беларускім бокам.
Пра гэта Дмытро Лубінец напісаў у сваім тэлеграм-канале. Омбудсман не выключыў, што гаворка можа ісці пра правакацыю або інфармацыйную аперацыю.
«У сувязі з распаўсюдам інфармацыі пра атаку на аўтобус з дзецьмі ў Бранскай вобласці тэрмінова скантактаваўся з беларускім бокам і атрымаў першасную інфармацыю датычна гэтага інцыдэнту», – паведаміў Лубінец.
Падчас размовы ўкраінскі омбудсман асобна падкрэсліў, што Украіна не мае дачынення да здарэння.
«Украіна не мае ніякага дачынення да гэтай падзеі», – заявіў ён.
Паводле Лубінца, Сілы абароны Украіны не наносяць удараў па цывільных аб’ектах і мірным насельніцтве.
«На тэрыторыі Расейскай Федэрацыі ўкраінскія вайскоўцы паражаюць выключна вайсковыя цэлі. У адрозненне ад Расеі, якая штодня атакуе ўкраінскія гарады, жылыя дамы і забівае мірных грамадзянаў, Украіна дзейнічае ў межах нормаў міжнароднага гуманітарнага права», – адзначыў украінскі омбудсман.
Ён таксама не выключыў, што інфармацыя пра напад на аўтобус можа быць часткай інфармацыйнай аперацыі.
«Не выключаю, што гаворка ідзе пра чарговую правакацыю або інфармацыйную аперацыю, выгадную найперш Расейскай Федэрацыі», – сказаў Дмытро Лубінец.
Упаўнаважаны Вярхоўнай Рады Украіны ў правах чалавека дадаў, што гатовы далучыцца да празрыстага і непрадузятага высвятлення ўсіх фактаў і абставінаў здарэння.
Раніцай на тэрыторыі Бранскай вобласці Расеі, прыкладна за 100 кіламетраў ад украінскай мяжы, у пасажырскі аўтобус пацэліў беспілотнік. Паводле заяваў расейскага боку, удар быў нанесены дронам ЗСУ па трасе А-240 у Почапскім раёне.
У транспарце, які накіроўваўся з Рэчыцы на адпачынак у Геленджык, былі 44 чалавекі, сярод якіх 28 – юныя беларускія спартоўцы ва ўзросце 11–12 гадоў з Гомля і Рэчыцы. У выніку атакі на месцы загінула жанчына, якая суправаджала групу, а сямёра маладых футбалістаў трапілі ў лякарню, прычым адно дзіця ў цяжкім стане.
МЗС Беларусі назваў інцыдэнт актам тэрарызму, гэтак жа гэтую сітуацыю трактуюць і ў расейскай прапагандзе. Генштаб Украіны назваў «інфармацыйнай правакацыяй Крамля» паведамленні пра ўдар па аўтобусе з беларускімі дзецьмі ў Бранскай вобласці, падкрэсліўшы, што ў момант здарэння Сілы абароны Украіны не выкарыстоўвалі беспілотных лятальных апаратаў для цэляў на тэрыторыі Бранскай вобласці.
