Беларусь і Расея рыхтуюць супольную заяўку на ўключэньне Берасьцейскай крэпасьці і Мамаева кургана ў сьпіс ЮНЭСКА

Берасьцейская крэпасьць. Ілюстрацыйнае фота

Міністэрствы культуры Беларусі і Расеі падпісалі мэмарандум аб супрацы ў асобных пытаньнях фарміраваньня сьпісу ўсясьветнай спадчыны ЮНЭСКА.

«Ужо даўно праводзіцца супольная праца па вылучэньні нашых нацыянальных каштоўнасьцяў, у тым ліку і сьпіс усясьветнай спадчыны. […] Мы падпісалі мэмарандум аб падачы супольнай заяўкі на мэмарыяльныя комплексы, якія маюць непасрэднае дачыненьне да Вялікай айчыннай вайны, — Мамаеў курган і Берасьцейская крэпасьць», — сказаў міністар культуры Беларусі Марат Маркаў.

Паводле яго, беларускі і расейскі бок плянуюць, каб уключэньне гэтых аб’ектаў у сьпіс ЮНЭСКА адбылося ў 2030 годзе. «Для нашых краін — гэта найважнейшая падзея, таму што гэтыя помнікі маюць непасрэднае дачыненьне да каштоўнасьцяў і беларускага, і расейскага народаў», — дадаў ён.

Што ўяўляе сабой сьпіс ЮНЭСКА

У сьпіс ЮНЭСКА ўсясьветнай і нематэрыяльнай спадчыны ўключаюць прыродныя або створаныя чалавекам аб’екты, якія, паводле экспэртаў, маюць культурную, гістарычную або экалягічную значнасьць.

Цяпер у гэты сьпіс уваходзяць больш за 1200 аб’ектаў у 168 краінах, найбольш — у Італіі, Кітаі, Гішпаніі, Францыі і Нямеччыне.

У сьпіс ЮНЭСКА ўваходзяць Белавеская пушча (1979, 1992, 2014), Мірскі замак (2000), комплекс роду Радзівілаў у Нясьвіжы (2005) і геадэзічная дуга Струвэ (2005,праходзіць па 10 эўрапейскіх краінах, у тым ліку і Беларусі).

У сьпіс нематэрыяльнай спадчыны ЮНЭСКА ўключылі сьвяточны калядны абрад «Калядныя цары» у вёсцы Семежава (Капыльскі раён, Менская вобласьць), 2009 год; «Урачыстасьць у гонар шанаваньня Іконы Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст)» у вёсцы Будслаў (Мядзельскі раён, Менская вобласьць), 2018 год; «Юр’еўскі карагод» у вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласьці, 2019 год; Культура бортніцтва, 2020 год; «Саломапляценьне Беларусі: мастацтва, рамяство, уменьні», 2022 год; «Выцынанка — традыцыйнае мастацтва выразаньня з паперы ў Беларусі», 2024 год; Неглюбская тэкстыльная традыцыя Веткаўскага раёна, 2025 год

Згодна з працэдурай, заяўкі на ўключэньне ў сьпіс ЮНЭСКА падаюць штогод да 1 лютага. На ўхваленьне рашэньня патрэбна ад 1,5 да 2,5 гадоў. Краіны сапраўды могуць падаваць супольныя заяўкі.

Чаму гэта важна

Расея, якая афіцыйна прызнае важнасьць усясьветнай спадчыны ЮНЭСКА, цяпер мэтанакіравана атакуе ва Ўкраіне такія культурныя і гістарычныя аб’екты. Сярод тых, якія найбольш пацярпелі ў выніку расейскіх абстрэлаў:

  • Кіева-Пячорская лаўра,
  • Гістарычны цэнтар Львова,
  • Сафійскі сабор у Кіеве,
  • Харкаўскі мастацкі музэй,
  • Гістарычны цэнтар Адэсы,
  • Кінастудыя імя Даўжэнкі,
  • Будынак арганнай і камэрнай музыкі ў Дніпры.

ЮНЭСКА пацьвердзіла шкоду, нанесеную ў выніку расейскай агрэсіі, амаль паўтысячы ўкраінскім аб’ектам, што знаходзяцца пад абаронай гэтай арганізацыі.

Міністрства культуры Беларусі ніводнага разу не адрэагавала на расейскія абстрэлы гістарычных і культурных помнікаў ва Ўкраіне.

svaboda.org