Анатоль Лябедзька: «Убачыць кожнага»

Анатоль Лябедзька

Пасля прыняцця Еўрапарламентам 18 чэрвеня рэзалюцыі па сітуацыі з палітвязнямі ў Беларусі Анатоль Лябедзька адзначыў, што дакумент істотна адрозніваецца ад папярэдніх.

Дакумент выходзіць за межы агульных фармулёвак і «бачыць усіх палітвязняў», у тым ліку канкрэтныя кейсы, сярод якіх гісторыя Аляксандры Пуліновіч, затрыманай у 16 гадоў і асуджанай да больш чым 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму:

– Паказвае, што Еўрапейскі парламент бачыць не толькі людзей з прозвішчам Статкевіч, Бяляцкі, Бабарыка, Ціханоўскі. Ён бачыць і тых, якіх у нас сотні тысяч, якія прайшлі праз рэпрэсіі. Вось у гэтым яго каштоўнасць. Еўрапейскі парламент гэтай рэзалюцыяй кажа: бачым кожнага і кожную.

Ацэньваючы агульны эфект ад рэзалюцый Еўрапарламента, Лябедзька заявіў, што яны ўжо маюць практычны вынік праз знікненне пагрозы магчымага змякчэння пазіцыі ў дачыненні да беларускіх дэмакратычных сіл і незалежных СМІ:

– Гаварыла і Святлана Ціханоўская, што на наступны год фінансаванне на Беларусь быццам змяншаецца на 50%. І сапраўды такая была пагроза. На сёння мы ведаем, мы атрымоўваем адказ, што хутчэй за ўсё гэтае фінансаванне застанецца, а гэта значыць, што тая падтрымка, якая была ў гэтым годзе для палітычных вязняў, застанецца. Тая падтрымка, якая была ў незалежных медыя, яна застанецца.

У тэксце Рэзалюцыі Еўрапейскі парламент асудзіў палітычныя рэпрэсіі, выкарыстанне абвінавачанняў у «экстрэмізме» і «тэрарызме» супраць грамадзян і заклікаў неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, а таксама ўзмацніць ціск на рэжым Лукашэнкі. Рэзалюцыя была прынятая пасля выступу Анджэя Пачобута ў Еўрапарламенце.

racyja.com