Лідарка беларускіх дэмакратычных сіл зараз знаходзіцца з візітам у Злучаных Штатах Амерыкі. У панядзелак Святлана Ціханоўская сустрэлася ў Белым доме з дарадцам прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Джэйкам Саліванам.
Лідар беларускай апазіцыі Святлана Ціханоўская заявіла падчас сустрэчы з Джэйкам Саліванам аб недапушчальнасці размяшчэння ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі. Пра гэта паведамляе выданне «Голас Амерыкі».
Святлана Ціханоўская і Джэйк Саліван абмеркавалі падчас сустрэчы заявы расійскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна аб размяшчэнні ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі. Ціханоўская сказала, што гэта недапушчальна, і заявіла аб неабходнасці прыняцця прэвентыўных мер для таго, каб гэтага не адбылося.
Паводле слоў Святланы Ціханоўскай, размяшчэнне ядзернай зброі стане парушэннем Канстытуцыі Беларусі, яе бяз’ядзернага статуса, а таксама стане чарговым крокам да паглынання краіны Масквой.
Святлана Ціханоўская таксама звярнула ўвагу на неабходнасць прыцягнення Аляксандра Лукашэнкі да адказнасці за злачынствы супраць чалавечнасці ў сувязі з саўдзелам беларускага дыктатара ў вайне, развязанай Крамлём супраць Украіны.
«Дарадца прэзідэнта запэўніў мяне ў поўнай падтрымцы свабоднай Беларусі з боку ЗША. Я падзякавала яму за дапамогу і за рашэнне ЗША пачаць стратэгічны дыялог з дэмакратычнымі сіламі [Беларусі]. ЗША для нас — стратэгічны партнёр, і мы будзем працаваць з амерыканскім прэзідэнтам і ўрадам над тым, каб Беларусь стала свабоднай краінай і захавала сваю незалежнасць»,
— адзначыла беларускі палітык.
Таксама Ціханоўская распавяла пра сітуацыю з рэпрэсіямі, апошнімі масавымі арыштамі і падпольным руху супраціву, які працягваецца, нягледзячы на рэпрэсіі.
На мінулым тыдні ЗША абвясцілі аб пачатку стратэгічнага дыялогу з прадстаўнікамі дэмакратычных сіл Беларусі, увялі санкцыі супраць 12 фізічных і юрыдычных асоб, а таксама разам з іншымі краінамі 23 сакавіка абвясцілі аб запуску Маскоўскага механізму ў рамках АБСЕ.