У прымежных з Украінай раёнах пачаліся антыдронавыя вучэнні тэрытарыяльнай абароны

Вучэнні з вайсковаабавязанымі тэрытарыяльных войскаў у Смалявіцкім раёне Менскай вобласці. 16 красавіка 2025 года. Фота: modmilby / Telegram

Мінабароны Беларусі паведаміла пра пачатак вучэбных збораў тэрытарыяльнай абароны ў Маларыцкім і Драгічынскім раёнах, што мяжуюць з Украінай. Сцвярджаецца, што гэта планавыя вучэнні.

З 7 па 31 ліпеня ў Маларыцкім і Драгічынскім раёнах Берасцейшчыны пройдуць планавыя вучэбныя зборы вайсковаабавязаных тэрытарыяльных войскаў.

Паводле міністэрства абароны, у двух раёнах на мяжы з Украінай будуць трэнавацца прымаць і забяспечваць вайскоўцаў, рыхтаваць іх да «выканання задачаў у адпаведнасці са службовым прызначэннем», а таксама «адпрацоўваць пытанні фармавання, рыхтавання і ўжывання атрадаў народнага апалчэння»:

«Галоўная ўвага будзе нададзеная адпрацоўванню задачаў тэрытарыяльнай абароны падчас рэалізацыі захадаў вайсковага становішча з адпрацоўваннем пытанняў абароны асабовага складу і аб’ектаў ад беспілотных лятальных апаратаў».

У чэрвені такія ж зборы тэрытарыяльнай абароны зладзілі ў Віцебскай вобласці. За імі назіраў начальнік Генштабу, першы намеснік міністра абароны Павел Муравейка. Ён тады анансаваў, што «колькасць вайсковаабавязаных і імпрэзаў, якія праводзяцца органамі кіравання тэрытарыяльнай абаронай і фармаваннямі тэрытарыяльных войскаў, штогод будзе павялічвацца».

«Тэрытарыяльная абарона – складнік сістэмы гарантавання вайсковай бяспекі нашай краіны. Толькі зрабіўшы абарону дзяржавы ўсенароднай справаю, можна дасягнуць поспеху і захаваць незалежнасць, тэрытарыяльную цэласнасць і свабоду», – заявіў генерал.

Акрамя таго, у мінулым месяцы ў Гарадзенскай вобласці правялі мабілізацыйныя вучэнні з вайсковымі камісарыятамі. На іх «адпрацоўвалі пытанні мабілізацыі грамадзянаў і транспартавых сродкаў на тэрыторыі рэгіёну».

На тыя вучэнні звярталі ўвагу ва Украіне. Кіраўнік МЗС суседняй краіны Андрэй Сыбіга заклікаў міжнародную супольнасць захоўваць пільнасць у звязку з імі.

Зрэшты, палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Валер Карбалевіч у эфіры «Белсату» 24 чэрвеня зняпраўджваў версію, што бясконцыя вайсковыя вучэнні звязаныя з рыхтаваннем Беларусі да вайны з Украінай:

«Цягам усіх чатырох гадоў на тэрыторыі Беларусі адбываюцца пастаянныя нейкія вучэнні, нейкія прызывы, тэрытарыяльная абарона, народнае апалчэнне, праверкі гатовасці і так далей. Гэта хутчэй элемент мабілізацыі дзеля стварэння мадэлі крэпасці ў аблозе: вакол ворагі, і таму трэба мабілізаваць дзяржапарат, сілавікоў, увесь час трымаць іх у напружанні. І гэта таксама дае карт-бланш на палітычныя рэпрэсіі супраць апанентаў».

Аналітык адзначыў, што апошнім часам улады Беларусі, наадварот, усяляк дэманструюць нежаданне ўцягвацца ў вайну.

Сцяпан Кубік, belsat.eu