«Будаваць разам нешта зразумелае». Цімафей Акудовіч – пра Адукацыйны магістрат і пра тое, як нам навучыцца глядзець у будучыню

Гісторык Цімафей Акудовіч. Варшава, Польшча. 23 чэрвеня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

Днямі быў вызначаны пераможца першага конкурсу праектаў Адукацыйнага магістрату. За які адукацыйны праект прагаласавалі ўдзельнікі магістрату і чаму людзі не вераць у тое, што з адукацыі можна зрабіць бізнес? Пра гэта «Белсат» паразмаўляў з заснавальнікам і кіраўніком супольнасці народных спонсараў «Беларускія магістраты» гісторыкам Цімафеем Акудовічам.

«Белсат»: – Цімафей, у 2023 годзе ў інтэрв’ю «Белсату», распавядаючы пра магістрат культуры, ты сказаў літаральна так: «Я паверыў у гэтую ідэю». Пытанне: ці гэтая вера і твае чаканні спраўджваюцца?

Цімафей Акудовіч: – На самай справе звышчаканняў не было. Было жаданне, каб усё гэта адбывалася хутчэй. Бо магістрат развіваецца вельмі павольна, бо гэта гісторыя не толькі пра збор грошай, але і пра навучанне ўсіх нас нейкім досыць зразумелым, але не дужа простым грамадскім звычкам. А менавіта – як сабрацца разам, паверыць адно аднаму, скласціся грашыма і прагаласаваць.

Я тады яшчэ разумеў, што гэта гульня ў доўгую, шлях спробаў і памылак. Таму шчыра кажу: суперчаканняў не было. Але і расчараванняў няма. Мы пакрысе, маленькімі крокамі, ідзём наперад. На сёння маем два дзейныя магістраты, у якіх агулам задзейнічаныя каля 80 чалавек, прычым кніжны магістрат існуе ўжо паўтара года.

Гісторык Цімафей Акудовіч. Варшава, Польшча. 23 чэрвеня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

«Мы можам дазволіць сабе эксперыментаваць»

– Кніжны пачынаўся з магістрату «Кнігаўка», накіраванага на аднаўленне і развіццё выдавецтва «Янушкевіч» у выгнанні, падчас якога было сабрана 23 тыс. еўраў? Ці гэта асобны праект?

– Гэта асобны праект. Калі вярнуцца да вытокаў, то мы ўвогуле пачыналі са стварэння міні-магістратаў, якія былі абмежаваныя па часе. Выбіралі праект, у які хочам укласціся, і тэрмін – паўгода, 9 месяцаў, год. І ўкладваліся. А цяпер магістрат стаў доўгатэрміновым. Мы збіраем грошы і ўнутры вырашаем, куды будзем іх ахвяраваць. Падтрыманне «Кнігаўкі» было, хутчэй, тэстам для нас. А кніжны магістрат дзейнічае са снежня 2024 года. Мы збіраемся, праводзім галасаванні, дапілоўваем унутраную механіку. А «мы» – гэта каля 60 чалавек. Так што я гляджу з пазітывам у будучыню.

– Нагадай, якія кніжныя праекты былі рэалізаваныя праз гэты магістрат.

– Мы падтрымалі выданне дзвюх кніг выдавецтва «Гутэнберг»: містычнага дэтэктыву «Халодныя землі» Аляксандра Карнаўха і перакладу падлеткавай кнігі «Дом, у якім» Марыям Петрасян. Мы таксама падтрымалі выдавецтва «Янушкевіч» у рэкламным праекце. І яшчэ падтрымалі два праекты, пра якія пакуль не магу расказваць – некаторыя праекты ў нас закрытыя.

Гісторык Цімафей Акудовіч. Варшава, Польшча. 23 чэрвеня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

Але, зноў жа, важна не толькі тое, што мы ў нейкую канкрэтную кнігу ўклаліся, а тое, што мы шукаем сістэмныя падыходы да гэтай працы. Кнігі, напрыклад, мы падтрымалі праз інвестыцыі. То бок грошы, якія мы ўклалі, вяртаюцца, калі наклад кнігі распрадаецца. Важная таксама для нас гісторыя ў тым, што мы гатовыя – ужо беззваротна – выдаваць грошы на рэкламу выдавецтваў. Таму што праблема відавочная: кнігаў выдаецца па-беларуску, можа, і нямала, але яны не даходзяць да чытача. Процьма беларусаў замежжа проста не ведае пра іх. Адна з вялікіх праблем – гэта рэклама.

Яшчэ ёсць ідэя паспрыяць перакладу хітовага замежнага нон-фікшна на беларускую мову. Мы ўжо сабралі немалую, як для нас, суму грошай на тое, каб перакласці такую кнігу. Былі цяжкасці з атрыманнем аўтарскіх правоў, але нібыта праблема развязаная, і я спадзяюся, што хутка з’явяцца добрыя навіны на гэты конт.

– Што гэта за кніга? Не раскрыеш таямніцы?

– Пакуль што не. Магу толькі сказаць, што гэта адна з вельмі вядомых кнігаў. І гэта – эксперымент. Можа быць, мы памыляемся, і насамрэч гэты нон-фікшн не патрэбны беларусам. Але ў гэтым і сэнс магістрата, што мы можам дазволіць сабе эксперыментаваць. Мы сабралі грошы, усе гатовыя, і разумеюць, на што яны пойдуць. Мы гатовыя на эксперымент і на тое, што гэта можа не спрацаваць на ўсе 100 %.

Гісторык Цімафей Акудовіч. Варшава, Польшча. 23 чэрвеня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

«Мы не гатовыя рабіць з адукацыі бізнес»

– Але добрая навіна зʼявілася і раніцай 23 чэрвеня. «Вызначаны пераможца першага конкурсу праектаў Адукацыйнага магістрату!» – чытаем, але застаемся ў няведанні, хто ўдзельнічаў у конкурсе і хто канкрэтна перамог і атрымае фінансавае падтрыманне. Дык хто?

– Адукацыйны магістрат быў распачаты ў красавіку 2026 года. І вось прайшоў першы конкурс. На жаль, пакуль што не магу назваць пераможцу – маем такую дамоўленасць. Было ажно дзевяць праектаў ад чатырох розных ініцыятываў. Гэта былі і чыста адукацыйныя праекты, і падлеткавыя клубы. Былі праекты выдання настольных гульняў, развіцця дзіцячых YouTube-праектаў, падрыхтоўкі кадраў, арыентаваных на пошук настаўнікаў. Гэта, дарэчы, адна з ключавых праблемаў: у замежжы шмат беларусаў з кампетэнцыямі добрых педагогаў і настаўнікаў вымушаныя займацца іншымі справамі – проста таму, што няма пляцоўкі, куды ён можа прыйсці і набраць сабе дастатковую колькасць групаў, каб з гэтага зарабляць і жыць. І вельмі важна, на мой погляд, падтрымліваць тыя ініцыятывы, якія спрыяюць з’яўленню такіх пляцовак.

Я ўпэўнены, што беларусам гэта трэба. Прынамсі я, як бацька 10-гадовага дзіцяці, разумею, што мне вельмі не хапае прапановаў, дзе маё дзіцё можа вучыцца па-беларуску. Прычым не толькі мове ці літаратуры, а ўсяму: фізіка, soft skills, спорт і так далей.

Гісторык Цімафей Акудовіч. Варшава, Польшча. 23 чэрвеня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

– Чаму, як мяркуеш, малавата такіх прапановаў?

– Мне падаецца, тактычная праблема ў тым, што мы не гатовыя рабіць з адукацыі бізнес. Мы настолькі не верым, што яна патрэбная будзе ў будучыні людзям, што не гатовыя рабіць з гэтага грошы. І не гатовыя думаць, што трэба самім беларусам у замежжы. Мы думаем, што ім трэба мова і літаратура і падсвядома разумеем, што наўрад ці яны будуць за такое плаціць. І гэта звужае магчымасці. Хаця я, як бацька, адчуваю вялікі недахоп сучасных прапановаў.

Мне здаецца, што мы з нашай адукацыяй глядзім у мінулае, а не ў будучыню. Спрабуем выхаваць такіх ідэальных беларусаў, якіх нам бракавала ў мінулым, якія прайшлі праз усе беларускія школы, дакладна ведалі, калі адбылася Грунвальдская бітва, гаварылі па-беларуску і г.д. А будучыня патрабуе іншых кампетэнцыяў, і бацькі гэта разумеюць. Бракуе рэфлексій – чаго канкрэтна. Пры гэтым на месцах канкрэтныя выкладчыкі і настаўнікі ўжо робяць нейкія добрыя рэчы. Існуе шмат выдатных праектаў, але ім не хапае магчымасці разгарнуцца, бо грамадства яшчэ не да канца разумее свае патрэбы, яшчэ не.

Гісторык Цімафей Акудовіч. Варшава, Польшча. 23 чэрвеня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

– Назавеш для прыкладу такія праекты?

– Баюся, што на хаду не ўзгадаю ўсё добрыя праекты. Але некалькі – так. Гэта і Беларуская школа мастацтваў імя М. Равенскага пад кіраўніцтвам Галіны Казіміроўскай, і Беларуская школа ў Варшаве, з якой мы супрацоўнічалі і з якой нарадзіўся вельмі цікавы асобны онлайн-праект «Буслянка». Гэта і розныя тэатральныя і спартовыя праекты. Добры беларускі спартовы клуб у замежжы – гэта тое, што вельмі спрыяе ідэнтычнасці беларускіх дзяцей. У свой час мы падтрымлівалі клуб «Волат» у Варшаве. У Вроцлаве нядаўна Сцяпан Папоў, чэмпіён па самба, адкрыў новы спартовы праект.

Важна, што людзі стараюцца быць сучаснымі з дзецьмі – яны паказваюць перспектыву, шукаюць новыя методыкі. У Вільні развіваецца адукацыйны праект Stembridge, у Батумі Аксана Акуневіч заснавала беларускамоўную школу, якая дзейнічае ўнутры грузінскай сістэмы адукацыі. Гэта канкрэтныя лакальныя прыклады, і іх нямала. Але не хапае нейкага штуршка, нейкай дынамікі, каб людзі ўбачылі, што гэта ёсць, а самі актары зразумелі, што можна маштабіравацца, што можна ўкладваць рэсурсы ў стварэнне паўнавартасных камерцыйных праектаў, не баяцца іх ствараць. Гэта мусіць нарасці, і я спадзяюся, магістрат у гэтым крыху дапаможа.

Гісторык Цімафей Акудовіч. Варшава, Польшча. 23 чэрвеня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

«Надаць новыя сэнсы беларускаму праекту»

– Шмат хто бачыць, што ёсць прапановы, але мяркуе, што беларуская адукацыя на эміграцыі не дасць ім ніякай карысці, акрамя сімвалічнай…

– Дык вось нашая задача, каб беларушчына прыносіла карысць і была практычнай. То бок, каб беларуская адукацыя зрабілася б настолькі якаснай і актуальнай, што беларусы выбіралі б яе ў замежжы не толькі таму, што яна беларускамоўная, а таму, што яна лепшая за іншыя праекты. Гэта суперскладаная задача! Але гэта яшчэ адна магчымасць захаваць беларушчыну ў замежжы. І не проста захаваць, а – развіць і надаць новыя сэнсы беларускаму праекту. Нават так скажу.

– І магістрат да гэтага прычыняецца…

– Мы спрабуем. Мы пакуль маленькія, пакуль трэнуемся і вучымся. Але калі гэты праект разаўецца і калі ў яго будзе ўваходзіць не 50 чалавек, а 150 чалавек, гэта ўжо будзе зусім іншая размова. Тады ён сапраўды стане месцам сілы і сур’ёзных рашэнняў.

Гісторык Цімафей Акудовіч. Варшава, Польшча. 23 чэрвеня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

– Як стаць часткай гэтай сілы? Колькі маем часу, каб далучыцца да адукацыйнага магістрату ў якасці народнага спонсара?

– Як я ўжо казаў, гэты праект доўгатэрміновы – ён на гады. А ўвайсці ў яго можна ў любы момант. Мінімальная сума ўваходу – 10 еўраў. Адзінае, пакуль што мы развіваемся праз сарафаннае радыё – з прычын бяспекі ў тым ліку (праект прызнаны ў Беларусі «экстрэмісцкім» – рэд. ). Гэта значыць мы запрашаем персанальна – мы не маем прамой спасылкі для ўваходу.

Але любы ахвотны можна напісаць нам у нашых сацсетках – у «Інстаграме» ці «Фэйсбуку». Мы разгледзім і запросім. І як толькі чалавек запрашаецца, ён падпісваецца на штомесячны данат і становіцца ўдзельнікам магістрату на перыяд, які сам выбірае, – на месяц, тры месяцы, на год, тры гады, а хоць да бясконцасці. Калі з нейкіх прычын захоча выйсці – ніякіх праблем. Унутры магістрату, як, дарэчы, і вонкі, захоўваецца ананімнасць, але ўсе ведаюць, што запрошаныя – гэта людзі пэўнага кола. І гэта стварае атмасферу даверу.

– «Пэўнага кола», кажаш. З якога кола ўдзельнікі магістрату?

– Ёсць шмат айцішнікаў, шмат актывістаў з гэтай сферы ці, адпаведна, адукацыйнай і кніжнай. Ёсць проста людзі, якія хочуць нешта будаваць разам. І для мяне гэта – важная матывацыя, як і для многіх удзельнікаў: будаваць разам нешта зразумелае і доўгатэрміновае.

Зміцер Міраш, belsat.eu