
5 ліпеня каля Дома-музея Райніса ў Беркенэлях сябры культурна-асветніцкага таварыства «Уздым» і запрошаныя госці ў чарговы раз сабраліся разам, каб адзначыць свята Купалля і 33-годдзе таварыства, паведаміў у сваім фэйсбуку Станіслаў Валодзька.
Напачатку ўсе прысутныя здзейснілі старажытны абрад ачышчэння вадой і прайшлі праз зялёную браму.
За святочным сталом усіх вітала старшыня таварыства «Уздым» Лілія Воранава.
І загучалі беларускія народныя і аўтарскія песні, у тым ліку перакладзеныя на беларускую мову Станіславам Валодзькам і Ліліяй Воранавай. Віншаванні чаргаваліся з чытаннем вершаў, прысвечаных Купаллю.
Песні гучалі ў выкананні вакальных калектываў «Натхненне» таварыства «Уздым» і «Раздолле» з Ліван, дуэта «Сябровачкі» Рэгіны Родзікавай і Таццяны Багданавай, салістаў Рыгора Старавойтава, Жанны Слядзеўскай і Зінаіды Сіліні.

Тэатральная студыя «Чароўны куфэрак» таварыства «Уздым» паказала жартоўную інсцэніроўку беларускай народнай песні «Касіў Ясь канюшіну» у выкананні Вольгі Паўловіч, Рэгіны Родзікавай, Жанны Слядзеўскай і Рыгора Старавойтава.
Вядучая свята Людміла Сінякова падрыхтавала цікавы сцэнар. Былі тут і Купаліш з Купалінкай – Віктар Бучэль і Рэгіна Высоцская, і траўніца – Таццяна Аляксеева з гаючымі купальскімі травамі, і баба Яга – Людміла Сінякова, якая спачатку спрабавала сапсаваць свята, але пасля праявіла дабрадушнасць і весяліла сваімі жартамі.
Прадоўжылася народнае гулянне пошукамі папараць-кветкі, карагодамі ля вогнішча з песнямі, шляхецкім танцам «Падэспань» і вясёлымі гульнямі. Усе пакдалалі ўсё негатыўнае, што было ў мінулым годзе, кідаючы ў вогнішча старыя сасновыя шышкі. Жанчыны, подышоўшы да сажалкі з ліліямі, пускалі на ваду вяночкі, сплеценыя самімі з купальскіх траў…
