Як беларусы вызначаюць справядлівасць?

У Беларусі і надалей працягваюцца жорсткі дзяржаўны тэрор і сістэмныя рэпрэсіі, накіраваныя супраць палітычных апанентаў, удзельнікаў пратэстаў, журналістаў і праваабаронцаў. Пра гэта паведамляюць праваабаронцы. За чэрвень праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ 43-ох чалавек.

Людзі, якія церпяць пераслед ці прайшлі праз катаванні, спадзяюцца ў будучым на справядлівасць і пакаранне прыслугачоў рэжыму Лукашэнкі.

Але, як кажа дакументатарка Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі Вольга, беларусы па-рознаму ўспрымаюць справядлівасць:

– Хтосьці хоча справядлівасці ў такім плане, каб чальцы рэжыму панеслі пакаранне, але пакаранне справядлівае, то бок не былі збітыя, не былі расстраляныя, хочуць, каб адбылася справядлівасць і каб яна дакладна была. А некаторыя так і гавораць, што хацеў бы, каб у дачыненні да Лукашэнкі і яго памагатых была ўжытая вышэйшая мера пакарання.

Паводле псіхолага Івана, які таксама працуе з палітвязнямі, калі чалавек думае пра штосьці абстрактнае, то вельмі важна даць азначэнне таго, што ён разумее пад справядлівасцю:

– Калі ты даеш вызначэнне справядлівасці, то ты разумееш, што з гэтага можа адбыцца, што не. Вельмі важны падыход, тут больш як сацыяльнай псіхалогіі, разумець, што вызначае нашае грамадства як справядлівасць. І тут трэба вывучаць сацыёлагам. Запыт у грамадства на справядлівасць вельмі вялікі, але тут ёсць пытанне ў тым, што кожны па-свойму вызначае справядлівасць. І нам прыйдзецца яшчэ дамаўляцца пра тое, што для нас справядлівасць.

Як зазначае Іван, ён пакуль не бачыць адзінага падыходу ў палітвязняў да паняцця справядлівасці, таму, на яго думку, гэта добры падмурак для крызісаў і сацыяльных праблем у грамадстве, калі беларусы будуць спрачацца за тое, што такое справядлівасць і ім прыйдзецца з гэтым працаваць.

racyja.com