
На Беласточчыне прайшла інтэграцыйная сустрэча беларускіх журналістаў, якія за выкананне сваіх прафесійных абавязкаў аказаліся вымушаныя пакінуць Беларусь. Тэмай сустрэчы была «Беларуская ідэнтычнасць: прастора адказнасці і магчымасцяў для медыя».
Гаворыць медыя-трэнер Аляксей Шота:
– Заўсёды ў нас стаіць мэта на такіх сустрэчах, каб людзі спрабавалі штосьці новае. Напрыклад, нэтворкінг. Здаецца, усе больш-менш знаёмыя. Але аказалася, што хтосьці не ведаў. Таксама пазнаёміліся з людзьмі, якія пазней прыехалі ў Беласток, на Падляшша. Ідэя ў тым, каб людзі маглі, дзякуючы гэтай сінергіі, абмяняцца ідэямі. Аказалася, што ў кагосьці ёсць нейкія рэсурсы, у кагосьці ёсць ідэя, у кагосьці ёсць знаёмствы, кантакты, у кагосьці нейкія напрацоўкі, выхады, каб гэта ўсё склалася ў нейкі дзейсны магчымы праект на будучыню.
Прадстаўніца Беларускай асацыяцыі журналістаў Зоя Хруцкая адзначыла, што пул беларускіх журналістаў Беласточчыны ўвесь час мяняецца і вельмі важна, каб калегі праз такія сустрэчы знаёміліся з новымі калегамі супольнасці, дзеля прафесійнай салідарнасці і падтрымкі адзін аднаго.
– Сустракаемся, каб планаваць нейкую перспектыву, каб думаць аб парнёрствах, аб тым, чым мы хочам займацца ў будучым. Вельмі важна, каб мы наогул разумелі: хто мы тут. Беластоцкая журналісцкая супольнасць увесь час мяняецца, у тым ліку таму, што людзі раз’язджаюцца. Хтосьці з’язджае з Беластоку – мяняе сваё месца лакацыі, хтосьці прыязджае, хтосьці выходзіць са зняволення і таксама спрабуе ўвайсці ў прафесію яшчэ раз. Часам гэта людзі, якія павінны вучыцца амаль з нуля ўсім прафесійным навыкам.
Падчас гэтай сустрэчы калегі вучыліся супольна плесці з саломы традыцыйныя беларускія лялькі-мотанкі, змагаліся ў медыя квізе, а ў выніку абмеркавалі і запланавалі на будучыню некалькі супольных інтэграцыйных медыя-ініцыятыў.



