Беларусы Вашынггтона і BAZA DC падтрымалі „Дом у бабулі“ ў Кіеве

Як паведамляе ў сваім фэйсбуку праект #ineedhelpby, чэрвень стаў асаблівым месяцам для „Дома у бабулі“ — месца ў Кіеве, дзе могуць атрымаць прытулак і атрымаць дапамогу з базавых рэчаў беларусы, якія апынуліся ў складанай сітуацыі, а таксама валанцёры, вайскоўцы і ветэраны.

Упершыню шэфства над ініцыятывай узяла беларуская дыяспара — першымі адгукнуліся менавіта беларусы Вашынгтона і BAZA DC. Дзякуючы гэтай падтрымцы у валанцёраў атрымалася зрабіць шмат важных спраў. Перш за ўсё была цалкам аплачана месячная арэнда за Дом.

За чэрвень праз „Дом у бабулі“ прайшлі 26 чалавек. Сярод іх — 14 валанцёраў, 5 новых і 7 дзейных беларускіх добраахвотнікаў, якія працягваюць абараняць Украіну.

У чэрвені Кіеў зазнаў разбурэнні ад масіраваных ракетных удараў. У гэтыя дні „Дом у бабулі“ фактычна ператварыўся ў валанцёрскі штаб. У першы дзень пасля ўдару было раздадзена больш за чатыры тоны пітной вады. На наступны дзень пацярпелых частавалі халадніком і працягвалі забяспечваць вадой. Кожную раніцу ў Доме варацца кілаграмы макарон, дзясяткі літраў баршчу і халадніку. Гэтую дапамогу атрымліваюць не толькі мясцовыя жыхары, якія страцілі жытло, але і ратавальнікі, эвакуацыйныя службы і валанцёры, што кругласутачна разбіраюць завалы і дапамагаюць людзям.

Валанцёры зноў з’ездзілі ў Чарнігаў да беларускіх бабулек, якія жывуць там практычна ўсімі забытымі: без пенсій, без падтрымкі, часта без магчымасці звярнуцца па дапамогу. Прывезлі ім прадукты, але, мабыць, не менш важным было іншае — магчымасць сказаць ім, што пра іх памятаюць. Што беларусы, якія жывуць за тысячы кіламетраў, у Вашынгтоне, ведаюць пра іх лёс і хочуць іх падтрымаць.

Яшчэ адна важная справа, якую ўдалося зрабіць дзякуючы падтрымцы — гэта набыць кветкі і ўскласці іх да мемарыяла „Анёлы Перамогі“.

Паводле facebook.com/ineedhelpby