
14 ліпеня на адкрытым пасяджэнні Каардынацыйнай рады 4-га склікання быў прадстаўлены праект рэзалюцыі «Аб “Круглым стале” па пераадоленні палітычнага крызісу і ўмацаванні незалежнасці Рэспублікі Беларусь». Дакумент прапануе пачаць абмеркаванне магчымасці правядзення “Круглага стала” як аднаго з механізмаў мірнага вырашэння палітычнага крызісу.
Спікер Каардынацыйнай рады Арцём Брухан адзначыў, што ідэя распрацоўкі такой рэзалюцыі стала адказам на новыя палітычныя выклікі і неабходнасць выпрацоўкі агульнага бачання шляхоў пераадолення крызісу ў Беларусі:
– Магчымыя мірныя перамовы па завяршэнні расейска-украінскай вайны могуць стварыць новыя ўмовы для фарміравання доўгатэрміновай архітэктуры бяспекі ў рэгіёне Усходняй Еўропы, а таксама адкрыць вакно магчымасцяў для ўмацавання суверэнітэту і міжнароднай суб’ектнасці Рэспублікі Беларусь і заклікаць рэжым Лукашэнкі ўступіць у камунікацыю для абмеркавання магчымасці правядзення «Круглага стала».
Паводле Брухана, прапанова не азначае пачатку перамоваў, а вызначае палітычную пазіцыю і рамку для далейшага абмеркавання магчымых шляхоў пераадолення крызісу:
– Наладзіць арганізацыю такога «Круглага стала» калі мы зразумеем, што ці то з боку рэжыму, ці ад міжнародных партнёраў ёсць большая заангажаванасць і жаданне падтрымаць гэтую ініцыятыву. Першапачаткова ў самім дакуменце ўказана, што гэта інстытуты дэмакратычных сілаў – Каардынацыйная рада, АПК і Офіс Святланы Ціханоўскай. Але я дапуская, што гэта можа быць шырэй.
Цяпер дакумент вынесены на абмеркаванне: як унутры Каардынацыйнай рады, так і з удзелам экспертнай супольнасці. Пасля шэрагу сустрэч, у тым ліку закрытых, плануецца падрыхтаваць канчатковую рэдакцыю і вынесці яе на галасаванне.
