Па адукацыі Антон — горны інжынер. Ён чатыры гады адпрацаваў пад зямлёй у шахце. Пазней перавучыўся на айцішніка, але і на пазіцыі андроід-распрацоўшчыка выгараў, бо не адчуваў сябе да канца на сваім месцы. Хацелася ствараць нешта сваё, тым больш хлопец любіў гатаваць.
Патрэба ў чарговых пераменах накрыла, калі малады чалавек ужо пераехаў з Беларусі ў Польшчу. Антон вырашыў рызыкнуць і яшчэ раз цалкам змяніць накірунак дзейнасці. Ён паставіў усё на адкрыццё ўласнага бізнэсу — так з’явіўся брэнд крафтавай, натуральнай карамелі Kosmo Karmel.
Як ідзе бізнэс?

Касмічнай сваю карамель Антон назваў не проста так.
«Для мяне касманаўт — знак. Ён кажа: «Ляці ў невядомасць, даследуй, ты можаш гэта зрабіць!» Калі мая гісторыя натхніць хаця б аднаго чалавека на дзеянні, я буду ведаць, што гэта таго каштавала», — расказвае ён у сацсетках.
Каб запусціцца, Антон на старце выдаткаваў каля пяці тысяч злотых ($1300). У гэтую суму ўвайшлі расходы на посуд, тэхніку, шафу, паліцы, працоўнае адзенне і сродкі для дэзынфекцыі з тэрмічнай торбай. Самай дарагой пазіцыяй тут аказаўся прафесійны блэндар ад брэнда Bamix.
Каб карамель набыла той самы смак і гушчыню, Антон прайшоў праз 100 няўдалых спроб — і толькі так атрымаў ідэальны рэцэпт.
«У выніку гэта не проста карамель, а 182 дні змагання з самім сабой, жыцця ў эканоміі, калі часам хацелася ўсё кінуць».
Пры гэтым адзін 200‑грамовы слоік з карамеллю, зваранай беларусам, каштуе 25 злотых (амаль $7).
Ці атрымліваецца пракарміць сябе такім салодкім бізнэсам?

Антон прызнаецца ў сацсетках, што пакуль пляцоўка Allegro, дзе ён прадае сваю карамель, не брала першыя тры месяцы аплату за паслугі, было прасцей. Ён прадаў за гэты час амаль на $2000 даляраў, але калі адняць ад гэтай сумы абавязковыя падатковыя ўнёскі (са зніжкамі для пачаткоўца), выдаткі на рэкламу і расходнікі, хлопец сышоў нават не ў нуль, а на мінус $130.
«Мінус 500 злотых [130 даляраў] за тры месяцы. Ці цяжка мне гэта прызнаць? Так. Ці я расчараваны? Так. Але не з прычыны таго, што нехта не купіў маю карамель. Маю прэтэнзіі толькі да самога сябе. Я не зрабіў усяго, што мог бы. Дзялюся гэтым не для таго, каб вы мне спачувалі, а каб быць шчырым», — распавёў пра прамежкавыя вынікі хлопец.

Праўда, на гэтым спыняцца ён не плануе і паставіў сабе мэту — прадаваць мінімум 300 слоікаў у месяц. У марах жа беларус бачыць сябе ўладальнікам уласнай вытворчасці — невялікай, але сваёй рамесніцкай майстэрні.
І ён мае ўсе шанцы на поспех — унікальны смак яго карамелі хваляць як беларусы, так і палякі. Прычым першыя асобна адзначаюць шакаладны прысмак — за яго падабенства з шакаладным маслам, якое многія ўпляталі з батонам у дзяцінства.
«Я раблю самую адлётную карамель ва ўсёй Польшчы», — не пакутуе на сіндром самазванца бізнэсовец.
