Фэстываль TUTAKA пачаўся на польска-беларускім памежжы шосты раз

Фэстываль Tutaka, 2025 год

Ужо традыцыйны фэстываль TUTAKA будзе ісьці чатыры дні з 16 да 19 ліпеня ва ўрочышчы Барык на Беласточчыне ў Польшчы.

16 ліпеня на фэстываль пачалі прыяжджаць першыя ўдзельнікі. Асноўная праграма пачынаецца ў пятніцу, 17 ліпеня. Упершыню сёлета на фэст прадаюць білеты. Калі ў папярэднія гады ўваход на падзею быў бясплатны, то цяпер квіток для дарослага каштуе 150 злотых (каля 35 эўра).

На фэсьце выступіць беларускамоўны рок-гурт RIMA з падляскага Гарадка, які летась вярнуўся на сцэну пасьля 13 гадоў перапынку. Сярод музыкаў фэсту — таксама рэпэр Vinsent, Анастасія Рыдлеўская, гурты Dzieciuki, B: N:, «Разьбітае сэрца пацана».

У праграме — нефармальная сустрэча з Сьвятланай Ціханоўскай, а таксама з Паўлам Севярынцам, Максімам Знакам і музычнымі выступоўцамі фэстываля. Пакажуць фільм «Пад шэрым небам» Мары Тамковіч, натхнёны гісторыяй палітзьняволеных журналістаў Кацярыны Андрэевай і Ігара Ільляша.

Аматарам хэнд-мэйд рэчаў прапануюць скруціць традыцыйных ляльку-жаданіцу і саламяных конікаў, расьпісаць фарбамі шоперы і драўляныя закладкі. Музыка Вольга Барышнікава правядзе майстар-клас па прыпеўках.

Псыхатэрапэўтка Ганна Матуляк правядзе размову пра страту, траўму і аднаўленьне, а праваслаўны сьвятар Аляксандар Кухта — пра месца Беларусі ў праваслаўным сьвеце і сувязь рэлігіі з палітыкай. Ахвотныя змогуць папрысутнічаць на адкрытым запісе падкасту «Каласы пад сярпом ШІ».

Філёзаф Уладзімер Мацкевіч раскажа пра нашумелую мэтадалягічную гульню, у якой увесну бралі ўдзел прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сіл і палітычных структур. Кацярына Ваданосава распавядзе пра моду эпохі Кастуся Каліноўскага, клюб гістарычнай рэканструкцыі «Invictus 1863» пакажа муштру касінераў.

Выдаўцы беларускіх кніг правядуць дыскусію пра тое, як іхняя справа выжывае пасьля 2020 году. На кірмашы фэстывалю ня будзе ніводнага намёта з кнігамі ў адрозьненьні ад папярэдніх гадоў.

На «Тутацы» пройдзе другі футбольны турнір памяці Алеся Пушкіна.

Гэта толькі частка заплянаваных падзей фэстываля. Поўную праграму можна паглядзець тут. Арганізатар фэстывалю — фундацыя TUTAKA.

svaboda.org