Тысячы беларусаў пад пагрозай страты легальнага статусу ва Украіне

Святлана Шаціліна

Паводле пастановы Кабінета Міністраў Украіны №141, грамадзяне Беларусі і іншыя замежнікі, якія маюць часовы від на жыхарства ва Украіне, павінны да 4 жніўня пацвердзіць законнасць свайго знаходжання або абмяняць дакументы. Для гэтага неабходны дзейны нацыянальны пашпарт. Праблемай ужо займаюцца некалькі беларускіх арганізацый ва Украіне. Сярод іх — Місія дэмакратычных сілаў Беларусі ў Кіеве і грамадскі саюз «Беларуская супольнасць Украіны».

Кіраўніца Місіі дэмакратычных сілаў Беларусі ў Кіеве Святлана Шаціліна адзначае, што сітуацыя можа закрануць амаль тры тысячы беларусаў:

 -Мы ведаем праз ДМС – гэта 2958 чалавек. Ёсць частка беларусаў, якія спакойна ездзяць з Украіны праз Польшчу, напрыклад, у Беларусь, абменьваюць пашпарт і вяртаюцца назад. І тады нам задаюць пытанне, а чаму вы не можаце паехаць у Беларусь і памяняць пашпарты?

Над пытаннем легалізацыі беларусаў ва Украіне таксама некалькі гадоў працуе кіраўнік грамадскага саюза «Беларуская супольнасць Украіны» Аляксей Францкевіч. Паводле яго, сітуацыя з дакументамі патрабуе асобнага падыходу:

-Гэта тычыцца ўсіх, хто цягам умоўна гэтых чатырох гадоў падаўжаў сабе пасведчанні. У людзей было 90 дзён, каб прыняць рашэнне падацца на статус бежанца, з’ехаць у іншую краіну, альбо шукаць нейкія механізмы, каб легалізавацца – выйсці замуж за вайскоўца, заключыць кантракт, бо механізмы ёсць.

Як Місія дэмакратычных сілаў Беларусі ў Кіеве, так і грамадскі саюз «Беларуская супольнасць Украіны» паведамляюць, што гатовыя кансультаваць беларусаў, якія апынуліся ў такой сітуацыі, і дапамагаць ім разабрацца з дакументамі і магчымымі шляхамі вырашэння праблемы.

racyja.com,
фота Місіі і ГС «Беларуская супольнасць Украіны»