Беларускамоўная Боская літургія прайшла ў Гарадку

У Праваслаўным прыходзе Нараджэння Найсвяцейшай Багародзіцы ў Гарадку 19 ліпеня адслужылі Боскую літургію па-беларуску.

Службу ўзначалілі настаяцель прыхода айцец Мікалай Астапчук і нараджэнец гэтых мясцін, выкладчык Хрысціянскай тэалагічнай акадэміі айцец Андрэй Кузьма, які ўжо некалькі гадоў служыць беларускамоўныя набажэнствы ў Варшаве.

У сваёй пропаведзі айцец Андрэй Кузьма падкрэсліў, што беларуская мова павінна часцей гучаць у праваслаўных храмах Падляшша:

– Як ёсць мажлівасць, як ёсць патрэба – трэба пашыраць. Атрымалася ў нас такое свята сёння ў Гарадку. Духоўны элемент, які заўсёды ў беларускім народзе функцыянаваў. Мы таксама прывезлі яго з сабой сюды ў Гарадок. Тут мае карані – 15 кіламетраў адсюль знаходзіцца мая вёска, у якой я нарадзіўся.

Павел Севярынец

Пра неабходнасць пашырэння такіх службаў казаў і ўдзельнік набажэнства, палітык Павел Севярынец. Ён паведаміў пра пачатак збору подпісаў за правядзенне сталых беларускамоўных набажэнстваў у Беластоку і заклікаў усіх неабыякавых далучыцца да гэтай ініцыятывы:

– Шмат людзей на беларускамоўнай літургіі. Рэдка такое пабачыш. Але і айцы малайцы, і хор цудоўны з Варшавы. Проста цуд. Як на небе пабываў, зарадзіўся. Набажэнстваў на беларускай мове трэба больш. Беларускія хрысціянскія дэмакраты на Беласточчыне пачынаюць збор подпісаў за сталае беларускамоўнае набажэнства ў Беластоку. Вось і на фэсце «Тутака» збіралі гэтыя подпісы.

Напрыканцы літургіі настаяцель прыхода айцец Мікалай Астапчук прывітаў прысутных, асабліва гасцей Гарадка — беларусаў, якія прыехалі, у тым ліку на фестываль «Тутака». Ён адзначыў важнасць беларускамоўнай літургіі для мясцовай супольнасці і выказаў надзею, што такія набажэнствы будуць аб’ядноўваць людзей і надалей.

racyja.com