Віленскія беларусы 19 ліпеня ўсклалі кветкі да памятных месцаў, звязаных з дзейнасцю Алаізы Пашкевіч (Цёткі) у Новай Вільні. Памятная падзея была прымеркаваная да 150-годдзя з дня нараджэння беларускай паэткі, грамадскай і палітычнай дзяячкі.

Кажа старшыня Таварыства беларускай культуры ў Літве Алесь Адамковіч:
-Тут, у Новай Вільні, ёсць некалькі месцаў, звязаных і з яе імем. Таму вырашылі на знак гэтай гадавіны прайсціся гэтымі месцамі, гэтымі вулачкамі, дзе калісьці яна жыла, хадзіла, працавала. Найперш усклалі кветкі на вуліцы Алаізы Пашкевіч, якая названа ў яе гонар. А пасля наведалі Нававіленскую псіхіятрычную лякарню, дзе калісьці жыла і працавала Цётка.

Як кажа першы намеснік кіраўніка беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” Яўген Вільскі, памяць пра Алаізу Пашкевіч ушаноўваюць не толькі беларусы, але і літоўцы:
-Алаіза Пашкевіч (Цётка) з’яўляецца адной з заснавальніц нашай партыі, таксама яна адна з пачынальніц беларускага адраджэння. Таму мы дакранаемся да сваіх каранёў – гэта вельмі важна. Гэтыя месцы, дзе жыла, дзе працавала Цётка, дзе яна памерла. Яна была жонкай падпісанта літоўскай незалежнасці Сцяпонаса Кайрыса.
Нагадаем, Алаіза Пашкевіч прыехала ў Вільню ў 1904 годзе, там працавала фельчаркай у лякарні Новай Вільні. З’яўляецца адной з заснавальніц Беларускай сацыялістычнай грамады, якая стала цэнтрам беларускага нацыянальнага руху пачатку XX стагоддзя. Мела партыйную мянушку «Цётка».







