Латвійскія вайскоўцы на мяжы зь Беларусьсю палохалі мігрантаў стрэламі і сьлёзацечным газам

Ілюстрацыйнае фота зь мяжы Латвіі і Беларусі

Стала вядома пра яшчэ адно надзвычайнае здарэньне на латвійска-беларускай мяжы. Раней у Латвіі заявілі пра рост незаконнай міграцыі зь Беларусі ў 2026 годзе.

За мінулы дзень 21 ліпеня вайскоўцы Нацыянальных узброеных сіл Латвіі, дапамагаючы Дзяржаўнай памежнай службе, спынілі спробу незаконнага перасячэньня латвійскай мяжы групай зь пяці чалавек, піша выданьне Delfi.lv.

«Заўважыўшы вайскоўцаў, гэтыя людзі сталі паводзіць сябе агрэсіўна, пачалі кідаць у салдат абрэзкі бярвеньня. Каб спыніць супрацьпраўныя дзеяньні і перадухіліць далейшую эскаляцыю сытуацыі, салдаты прымянілі сьлёзацечны газ.

Паколькі парушальнікі працягвалі ігнараваць законныя патрабаваньні ўладаў і захоўвалі агрэсіўныя паводзіны, быў зроблены адзін папераджальны стрэл у паветра, пасьля чаго яны адступілі на тэрыторыю Беларусі», — паведамілі ва Ўзброеных сілах Латвіі.

Прадстаўнікі Латвійскай арміі заявілі, што гэта яшчэ адзін прыклад выкарыстаньня нелегальнай міграцыі ў якасьці інструмэнта гібрыднай вайны і наўмыснай правакацыі супраць Латвіі і іншых краін ЭЗ і NATO.

Памежная служба Літвы 21 ліпеня не фіксавала спробаў нелегальнага пераходу мяжы з боку Беларусі.

Латвіі завяла крымінальную справу на беларускіх памежнікаў за мігранцкі крызіс

Генэральная пракуратура Латвіі 15 ліпеня завяла крымінальную справу супраць службовых асобаў Памежнага камітэту Беларусі.

«Расьсьледаваньнем крымінальнай справы будзе займацца Дэпартамэнт аховы дзяржаўнай бясьпекі Генэральнай пракуратуры», — гаворыцца ў заяве пракуратуры Латвіі.

Справу завялі на падставе заявы Дзяржаўнай памежнай службы Латвіі, пададзенай 13 ліпеня.

«Ад жніўня 2021 году Дзяржаўная памежная служба сутыкаецца з працяглым і сыстэматычным міграцыйным ціскам на латвійска-беларускай мяжы, які варта ацэньваць не як сукупнасьць спробаў асобных грамадзян трэціх краін незаконна перасекчы мяжу, а як наўмысную і сыстэматычную супрацьпраўную дзейнасьць злачыннай арганізацыі, у склад якой уваходзяць службовыя асобы памежных структураў Рэспублікі Беларусь, з мэтай незаконнага перамяшчэньня вялікай колькасьці асобаў празь дзяржаўную мяжу з мэтай нанясеньня шкоды Латвійскай Рэспубліцы», — гаворыцца ў заяве.

Паводле Генэральнай пракуратуры Латвіі, ёсьць падставы меркаваць, што створана арганізацыя, якая займаецца наўмысным прычыненьнем шкоды ў выглядзе сыстэматычнага падрыву дзейнасьці латвійскай памежнай службы і пашкоджаньня памежнай інфраструктуры.

У рамках крымінальнага вядзеньня будуць зьбіраць доказы, якія захаваюць значнасьць у доўгатэрміновай пэрспэктыве і «могуць быць выкарыстаныя для прыцягненьня вінаватых да адказнасьці, як толькі зьявіцца законная магчымасьць».

Апошнімі месяцамі менавіта Латвія сутыкаецца з наймацнейшым міграцыйным ціскам сярод краін — суседзяў Беларусі. Штодня фіксуюцца дзясяткі і сотні спробаў мігрантаў парушыць мяжу з боку Беларусі.

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЭЗ працягваецца зь вясны 2021 году. Улады суседніх дзяржаваў ЭЗ уважаюць яго за «гібрыдную атаку», арганізаваную рэжымамі ў Менску і Маскве.

Аляксандр Лукашэнка ня раз заяўляў, што беларускія памежнікі ня будуць спыняць нелегальных мігрантаў, якія ідуць у Эўразьвяз празь Беларусь.

Сёлета памежная ахова Латвіі спыніла спробы каля 7600 чалавек незаконна перасекчы беларуска-латвійскую мяжу. Гэта значна больш, чым за аналягічны леташні пэрыяд.

Раней кіраўнік Дзяржаўнай памежнай аховы Латвіі назваў галоўную мэту гібрыднай вайны з боку Беларусі.

Латвія ёсьць цэльлю № 1 у разьвязанай уладамі Беларусі гібрыднай вайне, а сытуацыя на мяжы стварае сур’ёзныя выклікі, заявіў кіраўнік латвійскай Дзяржаўнай памежнай аховы Гунтыс Пуятс.

Паводле кіраўніка Дзяржаўнай памежнай аховы Латвіі, перавозьнікі мігрантаў сталі больш агрэсіўнымі, таму памежнікам даводзіцца выкарыстоўваць больш жорсткія мэтады затрыманьня, ім патрэбная шырэйшая падтрымка Нацыянальных узброеных сілаў.

Гунтыс Пуятс заявіў, што моцны ціск на мяжу мае некалькі прычынаў. Сярод іх ён назваў падтрымку Латвіяй Украіны і асуджэньне расейскай агрэсіі, уплыў расейскай прапаганды, а таксама дадатковыя рызыкі ў сувязі з будучымі выбарамі ў Саэйму.

Чаму гэта важна

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краінаў Эўразьвязу пачаўся ў 2021 годзе, калі тысячы мігрантаў з азіяцкіх і афрыканскіх краін пачалі арганізавана незаконна перасякаць межы Беларусі з Латвіяй, Літвой і Польшчай.

Эўразьвяз абвінаваціў у крызісе Аляксандра Лукашэнку і назваў ягоныя дзеяньні гібрыднай агрэсіяй.

Мігранцкі крызіс на межах Беларусі працягваецца дагэтуль з рознай інтэнсіўнасьцю. Дзясяткі мігрантаў загінулі.

svaboda.org