Расіяніна, які жыў у Жлобіне, асудзілі па трох палітычных артыкулах за каментары ў тэлеграме

Уладзімір Карчэўны. Фота: Белпол

Уладзімір Карчэўны пакінуў Маскву і пасяліўся ў Беларусі, але ягоныя выказванні ў тэлеграм-чатах прывялі да крымінальнай справы. Мужчыну абвінавацілі адразу па некалькіх цяжкіх артыкулах і адправілі за краты.

Уладзіміру Карчэўнаму 42 гады, ён нарадзіўся 19 ліпеня 1984 года ў Маскве. У сярэдзіне нулявых мужчына перабраўся ў Беларусь і пасяліўся ў Жлобіне.

Пасля некалькі гадоў працаваў у Польшчы. Пазней вярнуўся ў Беларусь і перабраўся ў аграгарадок Шчыткавічы Старадарожскага раёна Мінскай вобласці.

У вольны час Уладзімір любіў гуляць па лесе са сваім сабакам Бруна.

Вядома, што Уладзімір мае праўкраінскія погляды. Падобна, за каментары ў падтрымку Украіны яго і затрымалі.

Гомельскі абласны суд вынес яму абвінаваўчы прысуд адразу па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: за дыскрэдытацыю Беларусі (арт. 369-1), заклікі да санкцый ці іншых дзеянняў на шкоду нацыянальнай бяспецы (ч. 3 арт. 361) і абразу Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368).

Карчэўнаму прысудзілі калонію, але дакладны тэрмін невядомы.

Масавыя палітычныя рэпрэсіі ў краіне пачаліся пасля 2020 года. Тады Аляксандр Лукашэнка прайграў Святлане Ціханоўскай, але не аддаў ёй улады, а змусіў яе выехаць за мяжу. Гэта выклікала масавыя народныя пратэсты, у якіх удзельнічалі мільёны людзей. У адказ на гэта ўлады распачалі арышты.

Паводле падлікаў аб’яднання сілавікоў «Белпол» і праваабаронцаў, вядомыя імёны як мінімум 9594 чалавек, якія падпалі пад палітычна матываваныя крымінальныя справы. Усяго тыя ці іншыя палітычныя рэпрэсіі (крыміналкі, адміністратыўкі, звальненні, ператрусы) зачапілі каля 500 тысяч беларусаў. Некалькі соцень тысяч людзей вымушаныя былі пакінуць краіну. 

«Экстрэмізмам» улады Беларусі лічаць патрабаванне правесці свабодныя выбары з празрыстым падлікам галасоў, а таксама практычна ўсялякую крытыку ўладаў, прарасійскіх гістарычных наратываў ці праявы салідарнасці з Украінай. 

nashaniva.com