Святлана Ціханоўская — да Дня прыняцця дэкларацыі аб суверэнітэце

«27 ліпеня 1990 года Беларусь зрабіла вельмі важны крок да сваёй незалежнасці — прыняцце Дэкларацыі аб суверэнітэце.

Для кагосьці гэта можа гучаць як сухая гістарычная дата з падручніка. Але насамрэч за ёй стаяць людзі, якія хацелі, каб Беларусь нарэшце сама вырашала свой лёс. Каб у нас былі свае законы, свая палітыка, свая будучыня. Каб ніхто звонку не распараджаўся нашай зямлёй.

Гэта быў вынік прабуджэння. Пасля Чарнобыля, пасля адкрыцця праўды пра Курапаты, пасля рухаў за свабоду ў суседніх краінах усё больш беларусы адчувалі: мы маем права быць асобнай краінай. Мае права існаваць Беларусь, і не як дадатак да чужой імперыі, а як дом для свайго народа.

Незалежнасць не з’явілася сама па сабе — за яе змагаліся, яе выбіралі і адстойвалі. Нават тыя, хто пазней пачаў разбураць беларускую дзяржаўнасць, тады галасавалі за суверэнітэт, нейтралітэт і бяз’ядзерны статус.

Сённяшняя дата не пра мінулае. Яна пра сучаснае. Бо Беларусь павінна быць самастойнай, мірнай і вольнай ад чужой зброі ды чужых войнаў».

tsikhanouskaya.org