«Пайшлі нашы хлопцы!». Арганізатары нелегальнай міграцыі з Беларусі ў ЕЗ ўзяліся за Латвію

Мігранты ў лесе. Фрагмент з відэа ў групе, дзе рэкламуюць дапамогу ў справе нелегальнай міграцыі з Беларусі ў Нямеччыну. Крыніца: Facebook

Апошнім часам Латвія сутыкаецца з абвастрэннямі міграцыйнага крызісу нашмат часцей, чым іншыя суседзі Беларусі з ЕЗ – Літва і Польшча. Як высветліў «Белсат», арганізатары нелегальнай міграцыі цяпер звычайна прапануюць запамагчы з перамяшчэннем з Беларусі ў ЕЗ якраз праз Латвію. Даведаліся падрабязнасці гэтага працэсу.

У 2026 годзе латвійскія памежнікі пачалі фіксаваць у некаторыя дні больш за сто спробаў незаконна перасекчы беларуска-латвійскую мяжу. На пачатку міграцыйнага крызісу ў 2021 годзе такая сітуацыя часцей назіралася на беларуска-польскай мяжы, аднак цяпер міграцыйныя патокі зрушыліся, і польская памежная служба паведамляе, што ў некаторыя дні мігранты наогул не спрабавалі незаконна прайсці ў Польшчу з Беларусі.

«Белсат» прааналізаваў міграцыйныя чаты і супольнасці інтэрнэце і высветліў, што выяўленыя арганізатары нелегальнай міграцыі перасталі прапаноўваць маршруты з Беларусі ў Польшчу ці Літву наўпрост. Цяпер можна знайсці мноства аб’яў пра тое, што за тысячы долараў ці еўраў можна трапіць у Латвію, затым у Літву, далей у Польшчу і пасля гэтага ў Нямеччыну.

Адкуль мігранты зʼяўляюцца ў Беларусі?

Частка мігрантаў, якія спрабуюць трапіць у ЕЗ незаконна, могуць прылятаць адразу ў Беларусь, аднак, мяркуючы па тэлеграм-чатах мігрантаў, часцяком яны прыбываюць у краіну з Расеі. Нейкі чалавек або група пад імём Abo Aser прапануе маршруты з Беларусі ў Нямеччыну. Увесну 2026 года ў суполцы Abo Aserу Telegram вельмі часта публікаваліся расейскія візы і міграцыйныя карты, якія, як сцвярджалася, атрымалі мігранты. На адной з такіх картаў відаць назва расейскай арганізацыі, якая можа садзейнічаць нелегальнай міграцыі, – «Мидл ист групп».

Міграцыйная карта, якую паказваюць мігрантам у якасці рэкламы паслуг па нелегальнай міграцыі. Крыніца: Telegram

За свае паслугі Abo Aser прасіў $ 5,5 тысячы. У апісаннях маршрутаў фігуравалі Менск, Латвія, Літва, а далей Нямеччына.

Тое, што цяпер маршруты часцяком пралягаюць менавіта з Расеі ў Нямеччыну праз Беларусь, Латвію і Літву, пацвярджае і акаўнт у TikTok HAMZA SHIVAN.

Ён публікуе відэа з пазначэннем сцягамі краін, праз якія людзям трэба будзе прайсці да Нямеччыны:

Пад відэа HAMZA SHIVAN ставіць хэштэгі, у якіх прапісвае, падобна, краіны паходжання мігрантаў. Напрыклад, згадваюцца Афганістан і Пакістан.

Адзін з нелегальных перавознікаў ABU RАDAD вядзе тэлеграм-канал з лета 2025 года. Часцяком ён прапаноўваў дарогу з Беларусі ў Еўропу менавіта праз Латвію.

Апошняе паведамленне ў групе – ад 19 ліпеня. Гэта відэа, на якім сямёра замежнікаў дзякуюць ABU RАDAD і кажуць, што яны ў Менску.

Замежнікі на відэа, якім падзяліўся перавознік нелегальных мігрантаў. Крыніца: Telegram

Крыху раней перавознік нелегальных мігрантаў абвясціў, што можа перавозіць людзей з Масквы ў Менск і ў зваротным кірунку, абыходзячы кантрольна-прапускныя пункты на мяжы.

Аб’ява перавозніка нелегальных мігрантаў. Крыніца: Telegram

Таксама летам 2026 года перавознік у якасці рэкламы паказвае, як адпраўляе людзей да мяжы:

Замежнікі на відэа, якім падзяліўся перавознік нелегальных мігрантаў. Крыніца: Telegram

У сярэднім адзін пост у тэлеграм-канале памагатага нелегальнай міграцыі праглядаюць 1–2 тысячы разоў. Ён спрабуе прасоўваць свае паслугі і ў іншых тэлеграм-каналах, публікуючы паведамленні накшталт наступнага:

«Аўтамабілі ў Расеі і Беларусі. Кругласутачная падтрымка».

Варта адзначыць, што мігрантам прапануюць адправіцца ў Еўропу не толькі з Расеі, але і з Казахстану. За такі маршрут просяць € 7,5 тысячы.

Як правіла, мігранты імкнуцца ў Нямеччыну. Аднак ёсць прапановы перавезці іх з Беларусі нават у Італію. Хочуць за гэта € 6 тысяч з чалавека.

Аб’ява перавозніка нелегальных мігрантаў. Крыніца: Facebook

Ёсць дамоўленасці з войскам?

У Facebook рэклама нелегальнай міграцыі і тэматычныя групы таксама распаўсюджаныя. Адзін з карыстальнікаў у такой суполцы, якая замаскаваная пад аматараў відэагульняў, паказвае, як група мужчын праходзіць праз плот на мяжы. Мяркуючы па плоце, ён не на беларуска-польскай мяжы, паколькі яго пераадольваюць з дапамогай звычайнай самаробнай лесвіцы, а там трэба нешта больш сурʼёзнае.

Замежнікі на відэа, якім падзяліўся перавознік нелегальных мігрантаў. Крыніца: Facebook

У подпісе гаворыцца, што людзі ідуць з Расеі і Беларусі ў Нямеччыну.

У сярэдзіне ліпеня было апублікавана відэа невялікага лагера ў лесе. Людзі на ім гавораць пра Беларусь і Нямеччыну, заканчваюць хорам: «Добрая гульня!». Гульнёй называюць сам працэс нелегальнай міграцыі.

Мігранты ў лесе. Фрагмент з відэа ў групе, дзе рэкламуюць дапамогу па нелегальнай міграцыі з Беларусі ў Нямеччыну. Крыніца: Facebook

У групах дзеляцца нават відэа з вайскоўцамі, якія перашкаджаюць перайсці мяжу. Напрыклад, двое мігрантаў знялі, як спрабуюць перасекчы мяжу дзесьці ля вады, але з усіх бакоў – вайскоўцы. Дакладна вызначыць, дзе гэта, не ўдалося, у подпісе да публікацыі пастаўленыя хэштэгі са згадваннем Латвіі і Польшчы.

Мігранты паказваюць, як спрабуюць перайсці мяжу. Крыніца: Facebook

У адной з груп 3 ліпеня зʼявілася паведамленне, у якім гаварылася, што неўзабаве з Менску будзе выезд. Абяцаюць бясплатна падвезці, забяспечыць харчаваннем у дарозе, а таксама адзначаецца, што ёсць пагадненне з вайскоўцамі. Колькасць месцаў абмежаваная – толькі 10 чалавек. Мяркуючы з ранейшых паведамленняў таго ж карыстальніка, гаворыцца пра дарогу да мяжы ўнутры Беларусі – раней былі паказаныя некалькі відэа. На адным з іх жанчына за кадрам гаворыць на расейскай мове замежнікам, якія сыходзяць у лес: «Пайшлі нашы хлопцы, пакуль!».

Перавознік нелегальных мігрантаў паказвае, як адбываецца працэс перапраўкі людзей з Беларусі за мяжу. Крыніца: Facebook

У ліпені 2026 года Генпракуратура Латвіі пачала крымінальнае вядзенне праз дзеянні службовых асобаў памежнай службы Беларусі, якія звязаныя з арганізацыяй нелегальнай міграцыі ў Латвію.

З пачатку 2026 года латвійскія памежнікі перадухілілі больш за 8070 спробаў незаконнага перасячэння мяжы. У 2025 годзе паведамлялася пра 12 046 спробаў, а ў 2024 годзе – 5388.

Праз павелічэнне колькасці нелегальных мігрантаў, якія з Латвіі спрабуюць прайсці ў Літву, МУС Літвы ўзмацніла кантроль на мяжы з Латвіяй.

Латвійскія палітыкі мяркуюць, што Беларусь з дапамогай міграцыі вырашыла дэстабілізаваць абстаноўку ў Латвіі перад парламенцкімі выбарамі, якія запланаваныя на 3 кастрычніка.

Арсен Рудэнка, belsat.eu