Пацярпелую ў ДТЗ у Батумі беларуску прааперавалі, яна ўжо ўдома

Рэспубліканская клінічная лякарня ў Батумі, Грузія. Фота: brchospital.ge

Беларусы, якія пасля аварыі 25 ліпеня ў Батумі трапілі ў Рэспубліканскую клінічную лякарню ў гэтым горадзе, усе выпісаныя. Пра гэта «Белсату» распавёў урач-траўматолаг, доктар медычных навук Давід Мікелаішвілі.

Паводле лекара, у Рэспубліканскую клінічную лякарню ў Батумі пасля ДТЗ трапілі чатыры беларусы. Адной з жанчын спатрэбілася аперацыя, пацярпелая прабыла ў лякарні два дні.

«Яна паступіла да нас у здавальняльным стане, быў пералом ключыцы, – сказаў Давід Мікелаішвілі. – Праапераваў, яна ўжо ўдома ў Беларусі».

Паводле траўматолага, аперацыя была стандартнай, без ускладненняў.

Мікрааўтобус з беларускімі турыстамі трапіў у ДТЗ у суботу раніцою, калі ў яго ўрэзалася легкавая машына, што, паводле папярэдніх звестак, ехала на вялікай хуткасці. Пасля ўдару мікрааўтобус перакуліўся. Сведкі паведамлялі, што некаторыя пасажыры вылецелі з салону. На гэтым мікрааўтобусе беларускіх турыстаў везлі з аэрапорту ў гатэль.

Пацярпелых для надання дапамогі даставілі ў розныя клінікі Батумі. МЗС Беларусі пацвердзіла, што ў аварыі загінулі двое беларускіх грамадзянаў: 43-гадовая жанчына і 63-гадовы мужчына. Паводле інфармацыі беларускіх чыноўнікаў, грузінскія ўлады прынеслі прабачэнні «ў сувязі з трагедыяй, што адбылася».

Мясцовая жыхарка распавяла, што ў момант ДТЗ яна пачула гук, падобны да выбуху: «Людзі крычалі і плакалі. Усе экстранныя службы прыбылі хутка. Я проста стаяла там дзесяць хвілінаў і плакала. Аднаго чалавека заціснула пад перакуленым аўтамабілем. Гэта быў найвялікшы шок і найгоршы боль у маім жыцці».

Вольга Вір, belsat.eu