У Каардынацыйнай радзе IV склікання 28 ліпеня адбылося агульнае пасяджэнне, падчас якога дэлегаты заслухалі выступы трох кандыдатаў на пасаду старшыні Міжнароднай камісіі, а таксама выставілі на галасаванне шэраг арганізацыйных пытанняў.

Першай сваю праграму прадставіла сябра КР і беларускай дэлегацыі ў ПАРЭ Ксенія Луцкіна:
– Беларусы, якія былі вымушаныя выехаць з Беларусі, маюць велізарную колькасць праблемаў у краінах, дзе яны пражываюць. І вось менавіта супрацоўніцтва з нацыянальнымі парламентамі дае тое вакно магчымасці для вырашэння тых шматлікіх праблемаў – з легалізацыяй, з сацыяльнай падтрымкай, з прыёмам палітычных зняволеных. Пасада старшыні міжнароднай камісіі – гэта пасада для чалавека, які ўмее арганізоўваць працу.

Пасля выступіла экс-старшыня Міжнароднай камісіі Каардынацыйнай Рады 3-га склікання Аляксандра Мамаева, якая прадставіла сваё бачанне далейшай працы прадстаўнічага органа беларускай дэмакратычнай супольнасці па міжнародным накірунку:
– Зараз міжнародная камісія – гэта ўжо такі сталы механізм, адладжаная сістэма па працы. Ганаруся тым, што шмат хто з папярэдняй каманды збіраецца ўваходзіць у камісію, а таксама далучаюцца новыя чальцы. Наконт маіх прыярытэтаў на наступную камісію: міжнародная прадстаўніцтва Каардынацыйнай рады, дэлегітымізацыя рэжыму Лукашэнкі і замяшчэнне яго прадстаўнікоў у міжнародных структурах прадстаўнікамі дэмсілаў.
Таксама перад дэлегатамі выступіла трэцяя кандыдатка — Маргарыта Ворыхава.
Падчас пасяджэння на галасаванне былі вынесены праекты аб стварэнні Міжнароднай камісіі, Камісіі па рэформах і падтрымцы пераходнага перыяду, Камісіі па этыцы, а таксама праект рэзалюцыі «Аб Круглым стале па пераадоленні палітычнага крызісу і ўмацаванні незалежнасці Рэспублікі Беларусь». Галасаванне па ўсіх пытаннях будзе доўжыцца 29 ліпеня.


