Беларускія фэсты працягваюць вандроўку па Падляшшы

zaproszenie LUDZI

Музей і асяродак беларускай культуры ў Гайнаўцы працягвае цыкл беларускіх фэстаў «І там жывуць людзі». Ужо васямнаццаты год праект прыязджае ў невялікія вёскі Падляшша, дзе знаёміць жыхароў і гасцей з беларускай культурай, народнай музыкай, рамёствамі і мясцовымі традыцыямі.

Пра тое, чаму гэты праект застаецца важным для рэгіёна і яго жыхароў, распавядае дырэктар музея Томэк Ціханюк:

– Людзі патрабуюць такой формы беларускай культуры, такога фэсту, на якім мы паказваем з аднаго боку больш аўтэнтычную музыку, якую выконваюць калектывы Беласточчыны. У рамках нашага фэсту можна паслухаць, патанцаваць і паглядзець, як маладыя людзі паказваюць беларускія танцы.

Сёлета фэсты ўжо прайшлі ў Адрынках, а наперадзе яшчэ чатыры сустрэчы.

Кажа Томэк Ціханюк:

– Наперадзе яшчэ чатыры такія фэсты. Кожны адбудзецца ў іншай вёсцы, у іншай гміне. У бліжэйшую нядзелю, 2 жніўня, адбудзецца фэст у вёсцы Дзяніскі ў гміне Бельск-Падляшскі. 30 жніўня ў Курашэве ў гміне Чыжы. Далей 6 верасня адбудзецца ў вёсцы Плянта. І апошні фэст будзе ў Шчытах у гміне Орля.

Найбліжэйшы фэст з цыклу «І там жывуць людзі» адбудзецца ў нядзелю, 2 жніўня, у вёсцы Дзяніскі (гміна Бельск-Падляшскі). Пачатак а 15-й гадзіне. У праграме — выступленні фальклорных калектываў «Луна», «Ярына», «Перапёлка», «Гуляй душа», «Вандроўнік», «Нарва» і «Родны кут», а таксама выстава «І там жывуць людзі», музейная крамка з беларускай літаратурай і народнымі вырабамі, конкурсы з прызамі і фотазона.

racyja.com