Чальцы Беларускай Асацыяцыі Палітвязняў «Да Волі» сустрэліся з дэмакратычнай лідаркай Святланай Ціханоўскай. Падзея адбылася ў Музеі Вольнай Беларусі ў сераду, 29 ліпеня. Якія пытанні ўдалося абмеркаваць? Чым цяпер можна дапамагчы экс-зняволеным?

Пра гэта і не толькі прадстаўнік «Да Волі» Алег Кулеша распавёў нашай журналістцы.
РР: Вашая арганізацыя вырашыла правесці сустрэчу са Святланай Ціханоўскай. Чаму?
Алег Кулеша: Наша сустрэча была запланаваная даўно. Проста супадзенне графіка. Былі пэўныя мерапрыемствы, праца ў пэўных праграмах. Нарэшце было знойдзена пагадненне, вызначана дата.

РР: Якія пытанні паўсталі?
Алег Кулеша: Заўжды тыя ж самыя тры пытанні: палітычныя, сацыяльныя і пытанні, што тычацца непасрэдна палітвязняў. Канкрэтызаваць можна наступным шляхам: палітычныя – гэта вызваленне палітвязняў, сітуацыя палітвязняў, што выйшлі, у Беларусі. Абмяркоўвалася супраца з рознымі іншымі структурамі, падобнымі да нашай, каб прывесці ўсё да нечага адзінага, павялічыць эфектыўнасць працы. Дапамога палітвязням. Сацыяльныя пытанні: тое, што тычыцца непасрэдна дапамогі палітвязням, сустрэчы з палітвязнямі. Усім вядома, што прыязджае Джон Коўл, магчыма будзе новая партыя вызваленых палітвязняў. Такія тэхнічныя пытанні. У дадатак абмяркоўваліся пытанні пра супрацу нашай арганізацыі з Офісам. Фактычна дзелавая плённая сустрэча.
РР: Наколькі наогул у арганізацыі палітвязняў «Да Волі» наладжаны сувязі не толькі з Офісам, але яшчэ з іншымі дэмакратычнымі структурамі?
Алег Кулеша: З рознымі структурамі па-рознаму. З некаторымі вельмі цесныя, цудоўныя. З некаторымі сувязь існуе, падтрымліваецца. З некаторымі дыпламатычныя адносіны. Але ў нас няма такога, каб мы ішлі непасрэдна на нейкую лаянку, ці сварку паміж пляцоўкамі. Гэтага не павінна быць.

РР: Пра арганізацыі. Ці можна канкрэтызаваць, з кім найбольш цесныя сувязі?
Алег Кулеша: Усім вядома, што ў кожнага свае праекты. Мы адпрацоўваем свае праекты, атрымліваем чалавека, напрыклад, ад іншай структуры. Так і павінна быць. Служба эвакуацыі – яна займаецца эвакуацыяй. Служба дапамогі з жытлом – займаюцца дапамогай жытлом. Структура, як наша, дапамагае ў легалізацыі, падачы на міжнародную ахову, мы гэтым займаемся. Нам перадаюць гэтыя кейсы, і мы працуем.

РР: Зараз нярэдка, і ў тым ліку ў сацыяльных сетках розных людзей, можна пачуць меркаванне, што быццам бы пытанне палітвязняў ужо не настолькі востра стаіць, што быцам бы ўжо не так ахвотна дапамагаюць. Ці згодныя вы з такімі думкамі?
Алег Кулеша: Я б не так сказаў. Пытанне палітвязняў вострым будзе заўжды, яно будзе заўжды актуальным. Іншая справа, што медыя-рэсурс цяпер інакш ставіцца да пытанняў палітвязняў. Вось гэта праўда. Тое, што медыя-рэсурс пачаў прыніжаць планку пытання палітвязняў, гэта відавочна, гэта бачна. Тое, што сітуацыя неяк палепшылася з палітвязнямі, то я лічу, што толькі пагоршылася. Людзей садзяць на “хатнюю хімію”, і іх не прызнаюць палітвязнямі. Падаецца, што нешта змяняецца, а насамрэч рэч толькі ўсё пагаршаецца. Гэта вельмі сур’ёзнае пытанне.
