Збор подпісаў за правядзенне беларускамоўных праваслаўных набажэнстваў у царкве Святога Іаана Багаслова ў Беластоку знаходзіць усё большую падтрымку.

Пра перспектывы гэтай ініцыятывы кажа праграмны дырэктар «Беларускага Радыё Рацыя» Юрка Ляшчынскі, які яшчэ ў 1980-я гады быў адным з ініцыятараў увядзення беларускамоўных праваслаўных службаў у Варшаве:
– Мне здаецца, што гэтая ініцыятыва закончыцца поспехам. Бо, па-першае, людзі не ведаюць расейскай мовы. Быў варыянт – пераходзіць на мовы нацыянальных меншасцяў, гэта значыць на беларускую.
Да ініцыятывы далучыўся і старшыня Беларускага грамадска-культурнага таварыства Васіль Сегень. Ён не толькі падтрымаў збор подпісаў, але і заявіў пра гатоўнасць садзейнічаць таму, каб як мага больш людзей даведаліся пра гэтую акцыю і змаглі пакінуць свой подпіс:
– Я сам асабіста за гэта. Вяліся ранейшыя дыскусіі на тэму, чаму праваслаўная царква не вядзе богаслужэнні на мовах меншасці ў некаторых цэрквах. Царква вельмі кансэрватыўная, і цяжка ім на гэта ісці. Але чаму не. Будзем падпісваць, буду распаўсюджваць.
Перспектыву такой ініцыятывы бачыць і настаяцель Беларускага праваслаўнага прыходу Канстанцінопальскага Патрыярхату ў Вільні айцец Георгій Рой. Нагадаем, ініцыятыва прадугледжвае збор подпісаў за рэгулярнае правядзенне беларускамоўных праваслаўных набажэнстваў у царкве Святога Іаана Багаслова ў Беластоку на вуліцы Збігнева Герберта.

