Беларускі графічны дызайнер — пра веданне і спадзяванні, Радзіму і духоўнае бомбасховішча.
Артур Вакараў — вядомы беларускі дызайнер. Сузаснавальнік студыі «Адліга», дырэктар менскай крамы вінтажнай мэблі «Б/Уржуазные ценности», аўтар графікі шматлікіх нацыянальных праектаў, кніжных вокладак, афішаў, постэраў і г.д. У 2020 годзе маляваў рэвалюцыйныя плакаты, афішы для шматтысячных пратэстных маршаў.
Артур заставаўся ў Беларусі да сярэдзіны 2022 года. Атрымаўшы позву ў следчы камітэт, вырашыў не рызыкаваць свабодай і з’ехаў з краіны. Цяпер жыве ў Польшчы.
OWM распытаў дызайнера пра яго жыццё і стаўленне да таго, што адбываецца на радзіме.
— Ці было ў цябе да лета 2020 года нейкае прадчуванне тых падзеяў, якія адбыліся? Як ты ўвогуле пачуваўся напярэдадні лета 2020-га — сацыяльна, эмацыйна, фізічна?
— Памятаю «выбух», што прынёс Павал Белавус вясной 20-га. Я маляваў праект і шматлікія падпраекты «Годна», Паша зайшоў нешта абмеркаваць. Акурат пасля таго, як Бабарыка прыняў самае галоўнае ў сваім жыцці рашэнне — кінуў пальчатку дыктатару. Я быў у адчаі, дакладна разумеючы, што для Віктара гэта канец, як мінімум кар’еры, а магчыма і жыцця. А для мяне — гэта канец адносна прыемнага існавання ў сваёй маленькай і камфортнай Беларусі-у-Белоруссии. Мая краіна-у-краіне, насельніцтвам 100 000 прыемных адукаваных людзей, з багатым культурным жыццём, актыўная, дынамічная, беларускамоўная… Скончыцца з-за геройскага, але безсэнсоўнага крока Віктара Бабарыкі. Не будзе болей выставаў, вуліцы Кастрычніцкай і культурнай прасторы ОК16, тэатру, кіно, музыкі. Навошта яму гэтая вялікая і непад’ёмная Белоруссия, думаў я. Бо Віктар быў дэ-факта сапраўдным прэзыдэнтам маёй краіны-у-краіне: мецэнатам, фундатарам, краевугольным камянём. Так я Белавусу і казаў. А ён у адказ пачаў распавядаць мне пра феномен Ціханоўскага, народны рух, магутны штаб Бабарыкі, падтрымку пераменаў з боку бізнэса. Я, прызнацца, і не ў курсе быў. Незаангажаваны ў каляпалітычны дыскурс, акрамя як у якасці дызайнера і творцы. Маё стаўленне да навінаў было глыбока скептычным, бо ведаў, што галоўную (і адзіна істотную) навіну я не прапушчу. А ўсё астатняе — дробная мітусня і марнаванне часу. І вось я слухаю Паўла, і нешта нерэальнае і неімавернае, засохлае і замарожанае пачынае запальваць аганёк у вачах. Дурацкая надзея ізноў заварушылася ў свядомаці беларуса, які пасля шматлікіх спробаў і паразаў знайшоў, куды гэтую неспадзяванку засунуць і жыць-не тужыць у Беларускім гета.
— І ты пачаў спадзявацца на перамогу?
— З моманту таго адкрыцця, што прынёс Белавус, я стаў сачыць за падзеямі. І прадбачыў, да чаго гэта ўсё прывядзе. Бо, як ветэран усіх рэвалюцыяў, маю вялікі досьвед абрушэння надзеяў і пострэвалюцыйных дэпрэсій. Бачыў, як рыхтуецца зло, точыць клыкі і не збіраецца здавацца. Бачыў і вялікую надзею, і шмат герояў, што распраўляюць свае белыя крылы. Ведаў, што такая сітуацыя скончыцца жахлівай і крывавай бядой. Загадзя шкадаваў герояў. Не хацеў гэтага бачыць, бо наглядзеўся ў канцы 90-х, у 2006-м і 2010-м. На дзень выбараў 9 жніўня з’ехаў у свой лес з наіўным намерам захаваць свядомасць ад болю. Але ж зразумела, ад франтавых навінаў не схаваешся. І пасля жудасці першых дзён пачуў нечуванае — краіна падымаецца. Не гераічнае гета, але ўся памяркоўная маса. Памятаю, як ехаў у Менск праз свой маленькі Мядзел і бачыў людзей з бел-чырвона-белымі сцягамі. У Мядзеле!
Потым былі першыя нядзельныя маршы, шмат малявання для штаба рэвалюцыі, бегатня па горадзе з падтрымкі адных да падтрымкі другіх, абвяшчэнні страйкаў, графіці і бясконцасць іншых рэвалюцыйных актыўнасцяў. Але ўжо праз, натуральна, пару тыдняў я разумеў, што гэта параза. Бо памяркоўная біямаса напужалася першага рыка злодзея і вярнулася ў стойла. Засталіся героі, якіх зло навучылася вельмі эфектыўна вынішчаць.
Я партызаніў роўна да лета 2022, калі за мной прыйшлі. Партызаніў без надзеі і сэнсу, адзінае, каб адчуваць сабе нармальным, здаровым чалавекам.
— Як ты жыў гэтыя два гады да ад’езду?
— Беларусь пасля 20-га вельмі хутка прайшла шлях ад калгаса да канцлагера. Зрэшты, нічога новага, звычайны гістарычны шлях дыктатур: камуністаў, фашыстаў ды іншых хошыміністаў. Прымітыўная калька. Відаць, скончылася яскравае, мадэрновае зло першай паловы ХХ стагоддзя. Засталіся калгасныя канцлагеры, што забіваюць шэрасцю і тупасцю. Таму цяпер у Беларусі рэжым вынішчае не палітычных супраціўнікаў, а любыя праявы думкі, крытычнасці, незалежнай творчасці. Большасць палітвязняў — гэта не палітычныя актывісты, а проста годныя людзі.
— Што ты пакінуў у Беларусі?
— Я там пакінуў радзіму. Няма ў мяне асэнсавання радзімы з вялікай літары. У маім асэнсаванні радзіма — гэта не патас пра зямлю набрынялую продкамі, наследкамі і цярновымі веткамі, пакручастымі сцяжынкамі і пахучымі вятрынкамі. Радзіма — гэта тое, што я пабудаваў. Экзістэнцыяльную каштоўнасць сцяжынцы надае мой дом, з якога я па гэтай сцяжынцы іду і ў які я па ёй вяртаюся. Радзіма — гэта мае праекты: культурніцкія, бізнэсовыя, гаспадарчыя. Гэта мая роля, мова, вага ў дадзеным грамадстве. А прастора — гэта рэч у сабе. Па змоўчані яна нічыя; сваёй, цёплай яе робіць актыўнасць гаспадара.
Я рабіў захады з’ехаць і пасля Плошчы 2006-га і пазней. Бо дыхаць было атрутна і да 2020-га. Але вось гэтая — мая прыватная — радзіма ніколі не адпускала.
Я пачуваўся вельмі добра ў сваёй індывідуальнай Беларусі, бо набудаваў вакол сябе прыгожых дэкарацый: Б/Уржуазныя, дызайн для культуры, хутар, мастацтва, карагод прыемных людзей. Зло ў мяне ўсё гэта забрала. Трэба будаваць наноў. Альбо спадзявацца на вяртанне. Класічная беларуская дылема ўсіх часоў.
Цалкам незразумелы стэрэатып пра тое, што ў рэвалюцыю ідуць тыя, каму няма чаго губляць. Мне відавочна супрацьлеглае: тым, каму няма чаго губляць, неабавязкова рызыкаваць. Хіба лепей налёгке эміграваць і пачаць будаваць адразу на надзейным гуманістычным падмурку. А вось нам, сталым, ёсць за што змагацца, бо будаваць наноў — сумнеўная авантура.
— Ці засталіся ў Беларусі людзі, за якіх ты перажываеш, баішся? Калі так, то чаму яны застаюцца?
— Як бы ні было цьмяна ў эміграцыі, няма ні малейшага жадання вяртацца за калючы дрот. Мне шчыра шкада тых нармальных, што там засталіся. Зразумела, што гэта іх рашэнне — застацца, а ўсё адно ў камунікацыйным асадку заўсёды няёмкасць і спачуванне да іх. Ведаю, як складана прымаць рашэнне з’ехаць, сам вагаўся і, у выніку, заўсёды вырашаў застацца. Пакуль не прыйшлі канкрэтна за маім цельцам. Пэўна гэта адзіны аргумент, што можа выкінуць з утула радзімы. Я шмат размаўляю, пераконваю сваіх апошніх партызанаў. І чую тыя ж аргументы, што заміналі з’ехаць мне: узрост, грошы, сем’і, праекты… Гэта істотныя рэчы, але трэба разумець, што далей будзе прадказальна горш. Бо паслярэвалюцыйная рэакцыя рэжыма — гістарычна самыя страшныя часы. Не кажучы пра вайну.
— Ці магчыма, ці варта нешта раіць тым, хто застаўся там? Што мы ўвогуле для іх можам (з)рабіць з-за мяжы?
— Я ў захапленні ад феномена беларускай салідарнасці! Уражаны згартаванасцю герояў. Раней праігравалі і распаўзаліся па сваіх норах сумаваць. А з цяперашняй салідарнасцю адчуванне, што быццам і не праігралі, а проста адступілі. Захавалі «войска» і сцягі. Ведаеце, якая разгубленасць і страх, калі глядзіш на павестку ў следчы камітэт і не ведаеш, што рабіць. Але пасля таго як робіш пару званкоў, махавік дапамогі і салідарнасці запускаецца. Альбо калі без грошай, сям’і, справы апынаешся ў іншай краіне. Але і тут беларуская салідарнасць не кідае, аж пакуль не ўладкуешся. Дзякуй арганізацыям: BYSOL, By_Help Беларускаму дому, Цэнтру салідарнасці… Дзякуй сябрам, што спачуваюць, дапамагаюць, дзеляцца ўсім нешматлікім, што маюць. Гэта ёсць праявай саспелай, гуманістычнай нацыі, што пераможа анахранічнае зло. Дапамагаць тым, кто бяжыць пасля мяне — тое канкрэтнае, што цяпер мушу рабіць я.
— Якія цяжкасці адчуваеш у эміграцыі?
— Неакрэсленасць пытання легалізацыі, што не дазваляе пачаць будаваць жыццё. Тут вельмі няшмат залежыць ад маленькага чалавечка. Бюракратычная махіна эміграцыйных установаў — гэта такая маламанеўраная тэхніка, што не спыняецца і не збочвае. Камбайн стандартных і, у той жа час, непрадказальных рашэнняў. Зразумела, што не трэба сядзець і чакаць прыгожага пашпарту. Але поле магчымасцяў звужаецца да аператыўных і кораткатэрміновых.
Таксама складана паверыць у тое, што яшчэ здатны пачаць нешта новае і значнае. Упэўніць сябе, што «молод і горяч».
— Як ты і твая сям’я адаптуецеся ў новых умовах і краінах?
— Мы спачатку паехалі ў Грузію. Грузія зрабіла добры крок з моманту майго апошняга візіту ў 2009-м. Відавочна вярнуліся мазгі і грошы, што ўцяклі пасля рускай агрэсіі 2008-га. Цяпер Грузія выглядае краінай на шляху да сучаснай еўрапейскай «сям’і народаў». Але, з пункту гледжання будоўлі новага (верагодна, апошняга) цэнтру майго жыцця, Грузія стратэгічна праіграе Еўропе. Па-першае, я не хачу нават уяўляць, што мне ізноў прыйдзецца ўсё кідаць і бегчы. А паўтарэнне рускай агрэсіі на Грузію цалкам верагодна. Відавочная параза путлерызма ва Ўкраіне можа змусіць іх шукаць больш лёгкай перамогі для вяртання народнай падтрымкі і рэнамэ. Па-другое, не так для мяне страшна тое зло, як дастала пабытовае глупства. Усе гэтыя панты: крутыя тачкі, злыя сабакі, хамства, абмежаванасць думкі спажывецкім дыскурсам. Мяняць роднае гета на гета грузінскае цалкам недарэчна. Тым больш, што сваім у грузінскім гета не станеш. Складана, але ўсё ж магчыма, стаць еўрапейцам, грузінам стаць немагчыма.
Таму цяпер я ў Польшчы. Пасля 2,5 месяцаў, што быў у Грузіі, адчуў вялікую асалоду, вярнуўшыся у еўрапейскую парадыгму. Людзі, надвор’е, праца, правілы — ўсё лагічна, усё прымальна. Варшава, Вільня, Братыслава ці Орхус — няма значнай розніцы, паўсюль, як дома. Гэтак жа будзе ў Менску, калі ён вернецца ў свядомасць.
— Як ты ставішся да ўмянення беларусам калектыўнай віны («памагатыя агрэсара») ў звязку з вайной? Ці зазнаваў ты сам такое стаўленне да сябе, што на гэта адказваеш?
— Гэта было новае адчуванне. Вельмі несправядліва, вельмі крыўдна, страшэнна балюча. Я ж заўсёды спачуваў тым нармальным рускім, што падзялялі адказнасць за глупства і гвалт большасці супляменнікаў. Мне да 2022-га было проста — кажу: а я не з Расеі, я з Беларусі. Хоп — і чысценькі, ніякіх доўгіх тлумачэнняў. А тут: агрэсар, вораг, канфарміст. Цяпер нармальны беларус прымерыў халерны рускі балахон. Пэўна, гэта самае вялікае злачынства калгаснага фюрэра: запэцкаць крывёю добрага суседа мой самы неагрэсіўны, самы талерантны, самы спакойны народец — еўрапейскіх хобітаў.
Зрэшты, фарбаваць чалавека ў колер пашпарту — глупы анахранізм. Зло, на гэтым гістарычным адрэзку часу, апанавала краіну, якую я не абіраў па нараджэнні. І ўсё жыццё змагаюся і рызыкую так, як мала кто з тых, каму пашэнціла нарадзіцца ў лагодных і пяшчотных абдымках Еўропы. Зразумела, што разумны еўрапеец, альбо нават украінец так самасцвяржацца не будзе. Таму я не асабліва і зважаю. Пантавацца пашпартам — прыкмета астаткавай маргінальнасці мінулага стагоддзя.
— Ці магчыма зберагчы розум у тым дурдоме, што нас атачае? Як?
— Складана. Беспрасветнасць і безнадзейнасць — ня лепшыя флюіды. А яшчэ і страх: за сябе, за блізкіх, за праекты. Збіраўся схавацца ў мастацкай працы, у сваім лесе, у дасканала адабраных бібліятэках кніжак, фільмаў, вінілаў. У простых радасцях. Але унутранае духоўнае бомбасховішча не вытрымала прамога пападання з вонкавага сусвету. Застацца ў Беларусі і захаваць здаровую свядомасці могуць альбо самыя прымітыўныя арганізмы, альбо самыя магутныя. Я — не супергерой, таму з’ехаў. Не схаваешся ў ХХІ стагоддзі ў беларускай лесапаласе.