Ад буслоў да «Ментску». У якіх крамах цяпер купляць адзеньне зь беларускім характарам

Худзі ад брэнда Znivien. Ілюстрацыйнае фота

На фоне закрыцьця папулярных беларускіх крамаў адзеньня радыё «Свабода» сабрала дзевяць брэндаў, якія працуюць за мяжой і ў якія могуць адзявацца беларусы, што любяць сваё.

1. «Беларускі калярыт» і альфабэт

Брэнд «Беларускі калярыт» стварылі сужэнцы Маргарыта і Анатоль Глямбоцкія. Нядаўна сям’я прэзэнтавала сваё вынаходзтва — майку, надпісы на якой можа рабіць сам ейны уласьнік, розныя на кожны дзень. «Мяняй гэтыя назвы колькі хочаш», — камэнтуе аўтар задумы. Ідэя прыйшла яму ў галаву яшчэ год таму, расказвае Радыё «Свабода» Анатоль Глямбоцкі.

Маргарыта і Анатоль Глембоцкія

«Памятаю, як я ехаў на ровары і ў некага ўбачыў, як на ліпучцы нешта трымалася — значок ці нашыўка. І мяне гэта так натхніла, лямпа ў мяне над галавой загарэлася. Так рэзка я стаў шчасьлівы ад думкі, што ўсё, што я рабіў раней, — гэта лухта», — успамінае суразмоўца, як дайшоў да ідэі самастойных надпісаў.

Цішоткі з крамы Анатоля і Маргарыты Глембоцкіх

Іхная навінка — гэта белая майка, у наборы зь якой ідзе альфабэт. Цяпер стваральнікі прапануюць беларускі альфабэт кірыліцай. Яны абяцаюць, што пазьней у іх зьявіцца беларуская лацінка, а таксама польскі і ангельскі альфабэты. У наборы каля 50 літараў, некаторых па некалькі штук.

Цішотка з крамы Анатоля і Маргарыты Глембоцкіх

Літары вышытыя на чорных квадраціках, лепяцца на ліпучках да майкі. Анатоль расказаў Радыё «Свабода», што ліпучкі шматразовага ўжытку. Яны не псуюцца пасьля праньня і добра трымаюцца на адзеньні. Каля году пайшло на тое, каб знайсьці добрую фурнітуру. Дзеля гэтай майкі сям’я набыла кравецкую машынку. Анатоль з дапамогай жонкі вучыўся вышываць літары. Квадрацікі зь літарамі ён выразае ўручную і называе гэта самай складанай апэрацыяй усяго працэсу. Каштуе майка з альфабэтам каля 30 эўра.

Маргарыта Глямбоцкая ў майцы іхнага брэнду з надпісам «Тут жыве Беларусь»

«Беларускі калярыт» рабіў майкі і сьвітшоты з прынтамі і ручной вышыўкай з 2021 году. Аўтары натхняліся брэндам Symbal.by. На іхных малюнках — беларускія і эмігранцкія матывы: арнамэнт, Пагоня, валошкі, бульба, буслы, карціна Марка Шагала «Над горадам», надпісы «Жыве Беларусь», Home (па-ангельску «дом»), «Каханенькая», «Эмігрант». Анатоль прызнаваўся, што рабіць майкі з ручной вышыўкай нявыгадна, бо на іх ішло шмат часу і высілкаў, але ставіць высокія цэны на іх сям’я не наважвалася, бо думалі, што тады іх ня будуць купляць.

Брэнд «Беларускі калярыт», апрача маек, робіць таксама хатні зэфір і іншыя беларускія слодычы.

2. Symbalby і вышымайкі

Крама Symbal.by працавала ў Беларусі з 2014 году. Яе дырэктарам быў Павал Белавус. Разынкай крамы сталі вышымайкі — майкі з прынтом беларускага арнамэнту. Яны каштавалі значна таньней за традыцыйныя вышываныя ўручную кашулі і меліся спрыяць папулярызацыі беларускай культуры. У 2020 годзе крама шыла і перадавала мэдыкам засьцерагальныя маскі. У 2021-м яе вымусілі закрыцца ў Беларусі. Паўла Белавуса ў 2021 годзе затрымалі і асудзілі на 13 гадоў калёніі.

Павал Белавус, архіўнае фота

У краме можна знайсьці таксама льняныя мужчынскія вышываныя кашулі з арнамэнтам, стылізаваныя пад традыцыйныя. Кепкі і шапкі ад Symbalby упрыгожаныя беларускім арнамэнтам, Пагоняй або бел-чырвона-белым сьцягам.

Цана вышымайкі — каля 30 эўра, вышыванай ільняной кашулі — 65 эўра, кепкі — 14 эўра. «Толькі Зянон!» ідзе па 20 эўра.

3. Kardash і буслы

Заснавала брэнд беларуска Вольга Кардаш у 2014 годзе. А ў 2020-м ейная фірма пераехала зь Беларусі ў Польшчу.

Брэнд Kardash стварае дызайнэрскае зручнае жаночае адзеньне як для штодзённага нашэньня, так і для ўрачыстых падзеяў. Свой стыль яны вызначаюць як slow fashion (павольную моду. — РС). Іхныя рэчы сумяшчаюць беларускія і азіяцкія матывы. Брэнд Вольгі Кардаш робіць сукенкі, сьвітшоты, майкі, нагавіцы, спадніцы, шорты, нават плашчы і паліто. Самы цымус іхнае вытворчасьці — кімано.

Сымбаль брэнду — буслы, вышытыя на адзеньні. Як раней тлумачыла Кардаш у інтэрвію радыё «Свабода», буслы ў яе асацыяваліся зь вёскай, з свабодай. Цэны на рэчы дызайну Кардаш вышэйшыя за мас-маркет. Майка Kardash абыдзецца прыкладна ў 100 эўра, кімано — у 230, а паліто — у 400.

У 2020 годзе Вольга Кардаш падтрымала страйкоўцаў беларускіх заводаў і выпусьціла калекцыю, прысьвечаную ім. Пасьля гэтага яна зьехала з краіны.

4. Znivien і іхны Zaebis

Брэнд дызайнэрскага адзеньня Znivien заснавалі сябры Ўладзімер Маляўка і Павал Дзяркач у 2021 годзе. Яны ствараюць майкі і худзі з прынтамі або вышыўкай. Іхны стыль дзёрзкі і хуліганскі. Замест буслоў і валошак яны гуляюцца з лаянкай, шрыфтамі і словамі.

Заснавальнікі брэнда Znivien Уладзімер Маляўка (справа) і Павал Дзяркач

Адна з самых вядомых іхных прыдумак — Make Belarus Zaebis Again. Зрабіць майку з такім надпісам іх падштурхнуў блогер Мікіта Мелказёраў.

Сьвітшот Make Belarus Zaebis Again

«Калі ты можаш спакойна паехаць да сваіх бацькоў — гэта Zaebis. Калі ня можаш, то гэта ня вельмі файна. Калі можаш пайсьці на Кастрычніцкую ў Менску кавы папіць — гэта таксама Zaebis. Гэта не абавязкова пра палітыку. У кожнага свой Zaebis. Для некага гэта часы ВКЛ, для кагосьці — Жнівень 2020 году. Адзінага адказу няма», — расказваў раней Радыё «Свабода» Ўладзімер Маляўка.

Бадай што самая скандальная іхняя майка — «Супрацьтанкавы х…й». На ёй слова «х…й» напісана ў выглядзе супрацьтанкавых вожыкаў.

Майка «Супрацьтанкавы х…й»

Іншыя іхныя выявы — чырвоны прастакутнік на белай майцы, які адсылае да бел-чырвона-белага сьцяга, малюнак міскі халадніку з подпісам «Беларускі рамэн», імя Якуб Колас, напісаны шрыфтом брэнду Coca Cola, надпіс «Ментск» на фоне Менску або «Піз*ец мастацтву» на фоне менскага Палаца мастацтваў.

Майкі ў іх у сярэднім каштуюць 22 эўра, сьвітшоты — 45 эўра, кепкі — 13 эўра.

5. «Адметнасьць» і «Лебядзінае возера»

Краму «Адметнасьць» стварылі сужэнцы Вольга і Сяргей Верамеенкі ў Горадні. Пасьля 2020 году яны былі змушаныя закрыць сваю краму, зьехалі ў Польшчу і там аднавілі справу.

У іх можна купіць майкі і швэдры з прынтамі «Жы-шы вечна!», Jaśka Haspadar 1863, Let Swans Dance з балетам «Лебядзінае возера» у тэлевізары, з Уладзімерам Картакевічам, ваярамі Рэчы Паспалітай. Таксама «Адметнасьць» прапануе вышываныя жаночыя блюзкі і сукенкі, мужчынскія кашулі зь беларускім арнамэнтам.

Цэны на майкі — 16 эўра, швэдры — 28 эўра, на вышываныя блюзкі і кашулі — 28–56 эўра.

6. Prajekt Etyka і посьцілкі

Праект «Этыка» паўстаў улетку 2020 году. Канцэпцыя складалася з двух кірункаў: устойлівай моды і аб’яднаньня яе з мастацтвам і рамёствамі ў сучаснай вышыўцы. Праект стварылі беларуска Вольга Этыка і ейная паплечніца Марына.

Вольга Этыка

Вольга стварае новае аўтарскае адзеньне з рэчаў з сэканд-хэндаў або іншага ўжыванага адзеньня ў добрым стане. Яна можа мяняць ягоны крой, вышывае на ім крыжыкам, дадае карункі шыдэлкам. Узоры натхнёныя аўтэнтычнымі арнамэнтамі на беларускім традыцыйным адзеньні, вясковымі посьцілкамі. Гэта кашулі, пінжакі, сукенкі, каўняры. Цэны на рэчы Этыкі пачынаюцца прыкладна ад 90–100 эўра.

Дуэт Sw@da x Niczos у строях ад Вольгі Этыкі

Вольга распрацоўвае сцэнічныя вобразы для вядоўцаў розных беларускіх праектаў. Летась яна стварыла строі на польскі конкурс «Эўравізіі» для падляскага дуэту Sw@da x Niczos, які сьпявае на падляскай гаворцы.

7. Наста Базар і «Вершніца»

Фэмактывістка Наста Базар стварыла майку, упрыгожаную Пагоняй зь вершніцай. Замест традыцыйнага ваяра на кані сядзіць жанчына.

Больш за дзесяць гадоў таму выявіць вершніцу на Пагоні прыдумаў літаратар Алесь Плотка. Тады ягоная ідэя выклікала дыскусію. Ня ўсім падабалася зьмена клясычнага выгляду нацыянальнага беларускага гербу. Дызайн майкі Насты Базар адрозьніваецца ад ейнай папярэдніцы. У руках яна трымае паходню, а ня меч, а фігура ня зграбнай дзяўчыны, а жанчыны «ў целе». Каштуе майка каля 30 эўра.

Наста Базар дорыць Сьвятлане Ціханоўскай майку зь Вершніцай на фэстывалі Tutaka

8. «Падпольшчыкі» і «Пахне чабор»

Крама Padpolszczyki прапануе майкі зь беларускай тэматыкай: беларускім арнамэнтам, надпісамі «Быў, ёсьць, буду» зь верша Ўладзімера Караткевіча, «Пахне чабор», «Ворша 1514», а таксама вышываныя кашулі. Майкі ў іх каштуюць каля 25 эўра, вышываныя кашулі — каля 60 эўра.

9. Kropka

Большасьць крамаў зь беларускім дызайнэрскім адзеньнем сёньня працуюць онлайн. Месца, дзе можна ўжывую паглядзець рэчы зь беларускім характарам, — гэта крама і творчая прастора «Кропка» ў Вільні. Яна месьціцца пад адрасам вул. Савіч (Savičiaus gatvė), 6. «Кропку» два гады таму адкрылі былы палітвязень Зьміцер Фурманаў з жонкай Вольгай. З адзеньня там можна купіць майкі, худзі, вышываныя кашулі, якія робяць беларускія рамесьнікі.

Зьміцер і Вольга Фурманавы

svaboda.org