Беларуска з Германіі павезла дзяцей на радзіму — прыгразілі, што не выпусцяць без беларускіх пашпартоў

Скрын з відэа: svetammilli / Instagram

Беларуска Святлана жыве ў Германіі і вучыць людзей весці блогі. У жанчыны двое дзяцей, і нядаўна яна вырашыла наведаць разам з імі Беларусь — але ж планы нечакана давялося змяняць.

Сваю гісторыю Святлана расказала ў сацсетках. Жанчына кажа, што ў яе дзяцей ёсць нямецкае і расійскае грамадзянствы, якія дзеці атрымалі ад свайго бацькі — з ім Святлана разведзеная. Беларускіх пашпартаў у дзяцей няма.

Перш чым ехаць у Беларусь, Святлана напісала ў беларускае консульства. Ёй патлумачылі, што яе дзеці мусяць трапіць у Беларусь без праблем: віза ім не трэба, бо яны грамадзяне ЕС, дазвол ад бацькі ім таксама не трэба. 

Такім чынам, ужо 1 жніўня Святлана з дзецьмі мусіла быць у Беларусі. Але на пашпартным кантролі з беларускага боку жанчына пачула тое, што прымусіла яе перагледзець планы:

«Супрацоўніца пашпартнага кантролю сказала: «А вы ведаеце, што вашы дзеці абавязаныя мець беларускі пашпарт і беларускае грамадзянства?» Гэта па факце таго, што ў дзяцей маці — беларуска.

Мы неаднаразова ўжо ездзілі ў Беларусь з дзецьмі па нямецкіх і расійскіх пашпартах, усё было акей».

Святлане паставілі ўмову — іх пусцяць у Беларусь, але трэба зрабіць дзецям беларускія пашпарты, інакш іх не выпусцяць з краіны. Але ж яна не хоча гэтага рабіць, бо не бачыць сэнсу і баіцца, што гэта выкліча для іх дадатковыя праблемы. 

«У маіх дзяцей ужо ёсць два грамадзянствы. Так, у Беларусі такія законы, але я іх не разумею і гэта абсурд. Аказваецца, закон дзейнічае ўжо даўно, але са студзеня гэтага года яны ўзмацнілі кантроль гэтага пытання».

Паводле закона «Аб грамадзянстве», няма розніцы, дзе нарадзілася дзіця: калі хаця б адзін з бацькоў мае беларускае грамадзянства, то і дзіця аўтаматычна лічыцца беларусам. Такі маленькі беларус без пашпарта можа трапіць на радзіму па замежным пашпарце або з пасведчаннем на вяртанне. 

Але ўнутры краіны яго замежныя дакументы не будуць мець аніякай юрыдычнай сілы. Тады, калі не зрабіць беларускі пашпарт, у вачах беларускіх уладаў дзіця не будзе мець легальных дакументаў для выезду з краіны. 

Святлана ў выніку вырашыла адмяніць паездку:

«Я не магла так рызыкаваць сваімі дзецьмі. Не факт, што я без бацькі зраблю ў Беларусі дзецям беларускія пашпарты. І шчыра, яны мне не патрэбныя і дзецям маім не патрэбныя.

Яны нічога не вінныя Беларусі, яны нарадзіліся ў Германіі і ў іх ужо ёсць два грамадзянствы. Калі ім будзе 18 гадоў і яны туды прыедуць, што з імі будзе? Аднаму Богу вядома».

Святлана намякае на тое, што паколькі яе дзеці — хлопчыкі, то калі зрабіць ім беларускія пашпарты, іх могуць прызваць у армію. Але справа ў тым, што Беларусь лічыць іх сваімі грамадзянамі і без пашпартаў. Таму, калі яны прыедуць на радзіму маці ў прызыўным узросце, іх зноў жа не выпусцяць назад без беларускага пашпарта, а па цяперашніх законах такі пашпарт не атрымаць без даведкі з ваенкамата.

nashaniva.com