Украіна ўвяла санкцыі супраць двух беларускіх прадпрыемстваў

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Фота: V_zelenskiy_official / Telegram

Украіна ўвяла санкцыі супраць беларускіх прадпрыемстваў ААТ «Кідма тэк» і ТАА «ТІССА». Адпаведны ўказ падпісаў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

«Кідма тэк» – прадпрыемства ў Аршанскім раёне, якое прапануе вайсковую і грамадзянскую прадукцыю. Сярод вайсковых прадуктаў оптыка, вайсковая робататэхніка, сродкі супрацьпаветранай абароны, зенітна-ракетныя комплексы, бронекамізэлькі, а таксама рамонт авіяцыйных і супрацьтанкавых ракет.

«Распрацоўваем і ўкараняем інавацыйныя прадукты, даем нашым кліентам высакаякасныя сістэмы, адаптаваныя для развязання самых складаных задач», – гаворыцца на сайце «Кідма тэк».

Кампанія «ТІССА» зарэгістраваная ў Маладзечне.

«Мы ажыццяўляем комплекснае праектаванне, вытворчасць і мантаж стацыянарных і перасоўных сродкаў абароны ад радыяцыйнага выпраменьвання, агараджальных канструкцыяў для чыстых памяшканняў, вырабляем і пастаўляем медычнае абсталяванне, элементы будаўнічага дызайну і інтэр’еру», – гаворыцца на сайце кампаніі.

Пад «чыстымі памяшканнямі» маюцца на ўвазе спецыяльныя месцы, дзе асаблівы мікраклімат і ўмовы. Такія памяшканні патрэбныя ў медыцыне, для навуковых лабараторыяў і гэтак далей.

Арсен Рудэнка, belsat.eu