Грамадзяне Беларусі ўпершыню атрымалі статус бежанцаў у Ізраілі

Фота: vecteezy.com

Ізраільскае выданне «Гаарэц» паведаміла, што ўпершыню грамадзяне Беларусі былі афіцыйна прызнаныя бежанцамі ў Ізраілі. Гаворка ідзе пра сямейную пару, якая ўдзельнічала ў пратэстах 2020 года.

Паводле інфармацыі выдання, 2 жніўня, праз чатыры гады пасля падачы заявы, муж і жонка атрымалі паведамленне аб наданні ім статусу бежанцаў.

Не названыя па імёнах муж і жонка, якім каля 50 гадоў, бралі ўдзел у пратэсных акцыях у 2020 года. Неўзабавае пасля пачатку вайны ва Украіне, у сакавіку 2022 года, пасля затрымання іх знаёмай пары далі зразумець, што яны таксама могуць стаць наступнымі.

У красавіку 2022 года муж і жонка выехалі ў Ізраіль, а праз тры месяцы звярнуліся з просьбай аб наданні статусу бежанцаў.

Разгляд справы беларусаў зацягнуўся. Таму яны звярнуліся ў апеляцыйны суд пры Упраўленні рэгістрацыі насельніцтва і міграцыі. Суд пастанавіў, што дзяржава павінна прыняць рашэнне па іх справе да студзеня 2027 года, але адмовіў у часовым статусе на перыяд чакання.

Пасля гэтага беларусы абскардзілі рашэнне ў акруговым судзе. Ён абавязаў дзяржаву выдаць ім часовы дазвол на знаходжанне да таго часу, пакуль іх хадайніцтва не будзе канчаткова разгледжана.

Паводле даных, якія «Гаарэц» атрымаў ад ізраільскага Упраўлення рэгістрацыі насельніцтва і міграцыі, у перыяд з 2019 па 2024 год было разгледжана 288 заявак на атрыманне статусу бежанца, з якіх задаволілі толькі 21.

Пры гэтым сярод спраў, якія за гэты час былі перададзеныя на разгляд кансультатыўнай камісіі па справах бежанцаў, раней не было ніводнай справы грамадзян Беларусі.

nashaniva.com