Не толькі ў Літве. У Польшчы пачала скарачацца колькасць беларусаў з дзейнымі ДНЖ

Польшча з’яўляецца самым папулярным кірункам эміграцыі беларусаў, але хваля пайшла на спад.

Вакзал у Беластоку. Ілюстрацыйнае фота: Наша Ніва

Паводле афіцыйных звестак на пачатак жніўня 2026 года, у Польшчы налічваецца 138 253 грамадзяніна Беларусі з дазволамі на жыхарства любых тыпаў.

На пачатак 2026‑га ДНЖ у Польшчы быў у 141 290 грамадзян Беларусі.

Гістарычны ж максімум быў зафіксаваны ў верасні 2025 года, калі ў Польшчы налічвалася 145 717 беларусаў з дзейнымі ДНЖ любых тыпаў. 

Графік з данымі на 30 верасня 2025 года, польскі дэпартамент статыстыкі

Адметна, што на пачатак 2020 года ў Польшчы было ўсяго 14 193 грамадзяніна Беларусі з ДНЖ усіх тыпаў. Менавіта масавыя рэпрэсіі і вайна справакалі хвалю масавай эміграцыі.

За перыяд з 2020 па 2025 год колькасць беларусаў з ДНЖ у Польшчы вырасла ў 10 разоў, а калі параўноўваць з 2015-м, то ў 35 разоў.

Статыстыка паказвае, што рэкордны прырост назіраўся ў 2021—2023 гадах, пасля чаго рост пачаў запавольвацца, а ў 2025 годзе спыніўся, і крывая пайшла на спад.

Скрыншот: migracje.gov.pl

Замест ДНЖ беларусы ўсё часцей атрымліваюць грамадзянства Польшчы 

На першы погляд можа падацца, што ў Польшчы пачала даволі істотна скарачацца колькасць беларусаў. Але гэта не зусім так. Рэч у тым, што многія выпадаюць з гэтай статыстыкі праз тое, што атрымліваюць польскае грамадзянства. Напрыклад, толькі за 2025 год каля 6500 беларусаў атрымалі польскі пашпарт. Агулам жа за апошнія чатыры гады 20 тысяч грамадзян Беларусі сталі грамадзянамі Польшчы.

Тым не менш можна канстатаваць, што хваля масавай эміграцыі, запушчаная ў 2020—2022 гадах, спынілася.

Адток беларусаў у іншыя краіны ў 2025—2026 гадах перастаў быць масавым, хоць цалкам і не спыніўся. Праўда, выязджалі ў іншыя краіны беларусы і да 2020 года.

Пры гэтым статыстыка ZUS (аналаг беларускага ФСАН) паказвае, што лічба беларусаў, якія працуюць у Польшчы, расце. Гэта можа адбывацца як за кошт таго, што на рынак працы выходзяць падрослыя дзеці мігрантаў, так і праз тое, што людзі едуць туды менавіта на заробкі і працуюць па працоўнай візе.

Ілюстрацыйнае фота: Наша Ніва

Напрыклад, многія дальнабойшчыкі працуюць менавіта па візе, прычым гадамі, бо ў Польшчы гэта папулярная з’ява, калі ў чалавека няма намеру заставацца ў Польшчы.

Па стане на канец мая 2026 года ў сістэме налічваецца 143030 грамадзян Беларусі. У параўнанні з красавіком іх колькасць вырасла на 1201 чалавека, а ў параўнанні з канцом мая 2025 года — на 6418 чалавек.

nashaniva.com